У сераду 12 найбуйнейшых газэтаў Даніі зноў дружна зьмясьцілі на сваіх старонках карыкатуры на прарока Мухамэда. Паводле журналістаў, такім чынам друкаваныя выданьні зрэагавалі на паведамленьне пра арышт дацкай паліцыяй некалькіх чалавек, якіх падазраюць у падрыхтоўцы замаху на аднаго з мастакоў, які намаляваў 12 карыкатур на прарока.

Публікацыя выклікана імкненьнем СМІ «выступіць супраць фанатызму, у абарону свабоды друку і свабоды думак», — заявілі дацкія журналісты.

Нагадаем, што ў 2005 г. кансэрватыўная газэта Jyllands‑Posten у карыкатурным выглядзе адлюстравала прарока ісламу. На адной зь іх Мухамэд быў намаляваны ў цюрбане, што мае форму бомбы. Гэтыя публікацыі выклікалі шмат абурэньня ў мусульманскім сьвеце. Мусульмане сьцьвярджалі, што карыкатуры на прарока глыбока абразілі іх пачуцьці. Многія зь іх заяўлялі, што іслам наогул забараняе любыя выявы людзей, ня кажучы ўжо пра партрэты прарока.

У 2006 г. узнагароду ў 100 кг золата прызначыў аўганскі рух «Талібан» таму, хто заб’е аўтараў карыкатур.

Усяго гэтыя малюнкі перадрукавалі выданьні ў 51 краіне сьвету, у тым ліку ісламскіх. Такім чынам выдаўцы і журналісты выказалі сваю салідарнасьць у барацьбе за свабоду слова. Беларусь стала адзінай краінай сьвету, дзе рэдактара газэты, што перадрукавала карыкатуры, пасадзілі ў турму на тры гады.

МБ; newsru.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0