На краўдфандынгавай платформе ulej.by вядзецца збор сродкаў на стварэнне кулінарнай карты Беларусі.
Арганізатары збору хочуць выдаць спецыяльную карту, на якой будзе пазначана, дзе і якія беларускія стравы можна паспрабаваць. Да таго ж плануецца выдаць ілюстраваны зборнік рэцэптаў беларускіх страў з указальнікам месцаў, дзе іх можна пакаштаваць.
«Мы хочам разам з Вашай дапамогай стварыць Кулінарную карту Беларусі, узяўшы ў рукі якую Вы зможаце знайсці месца, дзе гатуюць упадабаную Вамі страву беларускай кухні, паехаць па паказаным адрасе і паспрабаваць усё гэта на месцы», – гаворыцца ў прэзентацыі праекта на сайце.
Варта заўважыць, што кожны, хто дапаможа ў зборы сродкаў, атрымае падарунак ад арганізатараў праекта – яго памер залежыць ад памеру ахвяравання.