Такім чынам, жанчыны ўпершыню павядуць на выбары абедзве галоўныя палітычныя сілы краіны.

Кансерватыўная партыя «Закон і справядлівасць», вядомая пад польскім псеўданімам PiS, хоча паўтарыць поспех прэзідэнцкіх выбараў. На іх кансерватары выставілі малавядомага палітыка Анджэя Дуду. І ён нечакана перамог. Пасля гэтага PiS зрабіла стаўку на «новае аблічча» і на парламенцкіх выбарах.

Старшыня партыі Яраслаў Качынскі адступіў у цень, бо яго асоба выклікае супярэчлівае стаўленне ў грамадстве.

У Польшчы асноўная ўлада належыць прэм'ер-міністру, а не прэзідэнту. Урад фарміруе тая партыя, якая перамагла на парламенцкіх выбарах.

Наступныя выбары адбудуцца да канца 2015 года. Прэзідэнт Камароўскі яшчэ не вызначыўся з канкрэтнай іх датай.

Цяпер Польшчай кіруе кааліцыя ліберальнай «Грамадзянскай платформы» і Польскай сялянскай партыі.

Калі б выбары адбыліся сёння, за кансерватыўную «Закон і справядлівасць» прагаласаваў бы 31% выбаршчыкаў. «Грамадзянская платформа» набірае 25% галасоў, такія звесткі даюць сацыёлагі польскага CBOS.

А на трэцяе месца выйшаў пратэставы Спіс Кукіза — рок-спевака і кандыдата «супраць усіх», які заняў трэцяе месца на апошніх прэзідэнцкіх выбарах. Сацыял-дэмакраты, як і Сялянская партыя балансуюць на мяжы прахаднога бар'ера.

Беаце Шыдла 52 гады. Яна замужам, у яе двое сыноў — Блажэй і Тыматэй. «Szydło», дарэчы, па-польску значыць «Шыла». Яна нарадзілася ў горадзе Асвенцім. Вучылася яна на этнографа і першыя восем гадоў працоўнага стажу адрабіла ў гістарычным музеі Кракава.

Ад 1998 яе абралі бурмістрам невялічкай гміны (аналаг беларускага сельвыканкама). У Сойм яна ўпершыню трапіла ў 2005 годзе і там прайшла шлях да намесніцы старшыні партыі. 

Польскія ліберал-кансерватары з кіраўнічай Грамадзянскай платформы і нацыянал-кансерватары з «Закона і справядлівасці» адрозніваюцца ў пытаннях рэлігійных каштоўнасцяў і падыходаў да эканомікі. Што датычыць замежнай палітыкі, тут іх пазіцыі розняцца нязначна. У прыватнасці, яны кансэнсусна трымаюцца курсу на падтрымку незалежнасці Беларусі і Украіны. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?