Большасць жыхароў Грэцыі выступае за прыняцце умоў, пастаўленых краіне міжнароднымі крэдыторамі, паведамляе Блумберг са спасылкай на звесткі праведзенага арганізацыяй GPO сацыялагічнага апытання.

На дадзены момант за саступкі крэдыторам на нядзельным рэферэндуме гатовыя прагаласаваць 47% апытаных. У той жа час за адмову выконваць умовы ўльтыматуму выказаліся 43% рэспандэнтаў. Астатнія пакуль не вызначыліся.

Апытанне праводзілася ў аўторак сярод тысячы рэспандэнтаў. Па дадзеных яго аўтараў, хібнасць не перавышае 3,1%. Пры гэтым яшчэ на мінулым тыдні колькасць прыхільнікаў адмовы ад саступак складала больш за палову.

У нядзелю ў Грэцыі пройдзе рэферэндум, на якім грамадзяне краіны павінны вырашыць, ці варта Афінам скарачаць дзяржаўныя выдаткі спосабам, прапанаваным крэдыторамі.

У выпадку адмовы грэкаў прымаць гэтыя ўмовы краіне пагражае дэфолт і выключэнне з еўразоны. Пры гэтым прэм'ер-міністр краіны Алексіс Цыпрас заклікаў насельніцтва галасаваць супраць саступак крэдыторам.

Цыпрас перакананы, што рашучая адмова ад пастаўленага яго краіне ўльтыматуму дасць яму магчымасць дамагчыся больш выгадных умоў, бо замежныя партнёры зацікаўлены ў захаванні зоны еўра ў яе цяперашнім выглядзе.

Скарачэнне выдаткаў Афінамі з'яўляецца абавязковай умовай разблакоўкі чарговага траншу фінансавай дапамогі. Крэдыторы патрабуюць павысіць пенсійны ўзрост і скараціць сацыяльныя выплаты, у той час як улады Грэцыі прапануюць вырашыць фінансавыя праблемы за кошт павышэння падаткаў для заможных грамадзян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?