Слова журналіста ў сучасным свеце павінна кансалідаваць грамадства. Такое меркаванне выказала сёння ў Віцебску міністр інфармацыі Лілія Ананіч у ходзе круглага стала «Культура і мастацтва як крыніца развіцця духоўна-маральных каштоўнасцей. Роля СМІ ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы славянскіх народаў».

Міністр падкрэсліла, што для абмеркавання за круглым сталом у фестывальным Віцебску вынесена глыбокая тэма, якую задумвалі як акцэнт сёлетняга фестывалю.

«Прэзідэнт у звароце да ўдзельнікаў і гасцей форуму сказаў, што Беларусь па праву стала пляцоўкай мірных ініцыятыў, правадніком ідэй міру і супрацоўніцтва, — адзначыла Лілія Ананіч. — Вельмі хацелася б, каб творчыя дэсанты журналістаў прыязджалі ў краіну не толькі ў фестывальныя дні, а заўсёды, калі ў тым ёсць неабходнасць і цікавасць. Мы гатовы дапамагаць у арганізацыі такіх паездак і не толькі па тэме культуры, а па розным спектры пытанняў, якія цікавыя для сродкаў масавай інфармацыі».

Лілія Ананіч падкрэсліла, што міністэрства гатова да дыялогу і чакае прапаноў па ўдасканаленні дзейнасці, каб журналісты маглі яшчэ больш эфектыўна выконваць сваю работу. «Таму што сёння слова журналіста як ніколі павінна кансалідаваць чытача і гледача, прадстаўнікі СМІ павінны шукаць глыбокія думкі і словы, якія аб'ядноўваюць народы і краіны», — пераканана міністр.

Яна падкрэсліла, што ў Беларусі прэсе ўдзяляецца шмат увагі. «Кіраўнік дзяржавы сваім указам заснаваў знак «Выдатнік тэлебачання і радыёвяшчання». І мне вельмі прыемна, што ёсць магчымасць уручыць адну з такіх узнагарод прадстаўніку тэлерадыёкампаніі «Віцебск» Валерыю Зяльвінскаму», — сказала міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?