Кангрэсмен-рэспубліканец Стыў Пірс унёс у Кангрэс ЗША законапраект, які прадугледжвае пашырэнне дзеяння амерыканскіх санкцый на ААТ «Беларуськалій» і Беларускую калійную кампанію, паведамляе The Wall Street Journal.

Паводле меркавання Пірса, прыняцце гэтага законапраекта дазволіць зноў накласці санкцыі на аднаго з найбуйнейшых вытворцаў калійных угнаенняў, якіх «Беларуськалій» пазбег шляхам выхаду са складу канцэрна «Белнафтахім» у лютым 2014 года. Нагадаем, санкцыі ў дачыненні да дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім» былі ўведзены ЗША ў 2007 годзе ў сувязі з парушэннем урадам Беларусі правоў чалавека ў краіне. 

«Гэты законапраект з'яўляецца першым крокам для таго, каб краіны, якія пападаюць пад санкцыі ЗША за свае дзеянні, неслі адказнасць і не маглі абысці санкцыі, проста памяняўшы назву», — заявіў Пірс. 

The Wall Street Journal адзначае, што выданне не змагло атрымаць у гэтай сувязі каментары ні ў беларускім пасольстве ў Вашынгтоне, ні ў самім «Беларуськаліі». 

У чэрвені The Wall Street Journal паведамляў, што два сенатары ад штата Нью-Мексіка накіравалі ліст у Міністэрства фінансаў ЗША, у якім гаварылася, што ўхіленне беларускай кампаніі ад санкцый «пагражае законапаслухмяным амерыканскім вытворцам калійных угнаенняў». Прадстаўніца Мінфіна заявіла часопісу, што офіс па кантролі за замежнымі актывамі, які займаецца пытаннем санкцый, праінфармаваны пра ліст сенатараў. 

The Wall Street Journal адзначае, што ў выпадку прыняцця законапраекта Пірса пад санкцыі можа трапіць і Беларуская калійная кампанія. Яе прадстаўнік Ірына Саўчанка заявіла часопісу, што гэты законапраект «лабіруецца іншымі вытворцамі (калійных угнаенняў)». «Гэта спроба абмежаваць канкурэнцыю і манапалізаваць амерыканскі рынак, — сказала яна. — Мы лічым, што няма ніякіх падстаў для прыняцця гэтага законапраекта».

Кангрэсмен Пірс у Мінску: Беларусы вельмі шчырыя і працавітыя людзі

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?