1. За Лукашэнку ставяць подпісы пераважна жанчыны пенсійнага ўзросту.

2. Калі ў 90-х галоўным было пытанне «За Лукашэнку ці супраць?», цяпер галоўнае пытанне — «За Расію ці за Еўропу?»

3. У параўнанні з 2014 годам, калі мы стаялі ў пікетах на мясцовых выбарах, «украінская тэма» аслабла і саступіла месца эканоміцы і агульнаму пачуццю непазбежнага, з якім нічога нельга зрабіць.

4. Расійскае ТБ значна глыбей пранікла ў галовы людзей, і проста ярлыкамі «ватнікі» сітуацыю не выправіць.

5. Як і ў 2010 годзе людзі ставяць подпісы за дэмакратычных кандыдатаў. Гэта значыць, што тых, хто нацэлены на канкрэтнага кандыдата не так шмат, як тых, хто хоча проста падтрымаць альтэрнатыву і ўсіх, хто яе ўяўляе.

6. Улада ўсё больш удзельнічае ў выбарчым працэсе. Пікетаў «Белай Русі»—ФПБ—БРСМ больш за ўсё. Усе яны брэндаваныя і добра падрыхтаваныя тэхнічна. Сёння, напрыклад, у кожнага быў парасон. Калі б дэм. сілы не прымалі ўдзелу, то людзі б бачылі толькі пікеты за Лукашэнку. У рэгіёнах, дзе сіл менш, асабліва ў малых і сярэдніх гарадах, думаю так і ёсць.

7. Інтэрнэт яшчэ вельмі не хутка дагоніць ТБ па сваім уздзеянні. У першы дзень подпісаў ставілі няшмат, у другі дзень паток значна павялічыўся, што адбылося? Увечары па БТ-каналах паказалі навіны і сказалі, што можна падпісвацца.

8. Страх у людзях вельмі вялікі. Асабліва гэта адчуваем у рэгіёнах. Шмат людзей жадаюць поспехаў, але адмаўляюцца ставіць подпісы, таму што баіцца страціць працу, напрыклад.

9. Для большасці выбары — гэта не фарс ці фейк. Яны падыходзяць, задаюць сур'ёзныя пытанні, спрабуюць разабрацца ў кандыдатах і розніцы паміж імі. Нават калі не вераць, што Лукашэнку можна перамагчы, да свайго выбару ставяцца сур'ёзна. Калі б не было нас, яны таксама сур'ёзна выбіралі б паміж тымі, хто ёсць і хутчэй за ўсё б з'явіўся.

10. У Мінску стаўленне да БЧБ-сцяга ў цэлым спакойнае, моладзі падабаецца фатаграфавацца на яго фоне.

І гісторыя ў завяршэнне. Стаім у пікеце, падыходзіць чалавек і кажа: «У мяне ёсць усе дакументы наконт даследавання адкрыцця вечнага жыцця. Мы, група даследчыкаў, гэта вынайшлі яшчэ ў 2009 годзе, але вырашылі пакуль не патэнтаваць, таму што баімся, што «Гэты» скарыстаецца і тады наогул ніколі ад яго не пазбавімся. Будзем чакаць, калі вы пераможаце, і тады зробім адкрыццё публічным».

Думаю, шмат грамадзян падзяляюць гэтую асцярогу. Такія часы: вар'яты кажуць разумна, а разумныя робяць вар'яцкія рэчы.

А жывём у гэтым мы з вамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?