Месца здарэння на мапе Мінабароны Украіны (фрагмент)

Месца здарэння на мапе Мінабароны Украіны (фрагмент)

Украінскі вайсковец з пункту пропуску «Красная Талаўка» ў нядзелю, 26 ліпеня адкрыў агонь па грамадзянах Расіі, якія вырашылі сфатаграфавацца на фоне КПП, адзін мужчына трапіў у лякарню з раненнем грудной клеткі, паведамляе расійскае РІА Новості. Здымкі турыстаў не публікуюцца.

Украінская памежная служба заяўляе, што інфармацыя носіць правакацыйны характар. ТСН удакладняе: у красавіку Дзяржпагранслужба Украіны заяўляла, што пункт пропуску часова закрыты, цяпер ён не значыцца ў спісе прапускных пунктаў.

Адназначна высветліць, ці ёсць інфармацыя пра «абстрэл за сэлфі» правакацыяй, немагчыма. Але падобна, што ўкраінскі пункт пропуску дзейнічае. Ды са згаданым у расійскіх СМІ месцам адпачынку блытаніна.

На афіцыйнай мапе сітуацыі ў зоне АТО на 25 ліпеня пункт пропуску «Красная Талаўка» пазначаны як дзейны. Як паказаў пошук па фотаздымках у сацсетках (такім метадам журналісты выкрываюць прысутнасць расійскіх вайскоўцаў на Данбасе), прынамсі на пачатку чэрвеня пад «Краснай Талаўкай» знаходзілася машына з надпісам «Прикордонна служба». Калі пункт і не дзейны, узброеныя памежнікі там прысутнічалі пасля паведамлення аб закрыцці.

РІА Новості са спасылкай на прадстаўніка памежнага ўпраўлення ФСБ Расіі па Растоўскай вобласці паведамляе, што расейцы адпачывалі на штучным вадаёме ў раёне хутара Наварускі на расійскай тэрыторыі. Ад ракі ля хутара да памежнага пераходу больш за 4 кіламетры па прамой, а нешта, падобнае да штучнага вадаёма, знаходзіцца толькі пад самым пераходам, далёка ад згаданага хутара. На схеме «Яндэкс.Карт» пад Наварускім пазначаны штучны вадаём, але на спадарожнікавых здымках Google 2015 года бачна, што штучнага вадаёма там (ужо?) няма.

Згаданы расійскім бокам хутар Наварускі (пазначаны злева) і найбліжэйшы кандыдат у штучныя вадаёмы (пазначаны справа)

Згаданы расійскім бокам хутар Наварускі (пазначаны злева) і найбліжэйшы кандыдат у штучныя вадаёмы (пазначаны справа)

Пошук па сацсетках таксама паказаў, што людзі адпачываюць на вадаёме на поўдні ад пераходу, над самым хутарам Красная Талаўка на ўкраінскай тэрыторыі (па прамой 3 км на поўдзень ад пераходу), але не паказаў фота адпачываўшых у гэтым раёне на тэрыторыі Расіі (што не значыць, што ніхто там не адпачываў — людзі маглі не рабіць фота ці адключыць пазначэнне месцазнаходжання).

Расійскі бок сцвярджае, што ўкраінскі вайсковец крыкнуў расейцам «стой!», затым адкрыў па іх агонь. Украінскі бок сцвярджае, што памежнікам забаронена адкрываць агонь у бок суседняй краіны, а аператыўная праверка паказала, што зброя ўсіх памежных атрадаў не мае слядоў ужывання і ўсе баепрыпасы ў наяўнасці.

Тым часам украінскія памежнікі не кажуць пра згаданае ТСН закрыццё прапускнога пункту. Але ўкраінскі бок згадвае, што 25 ліпеня на Данеччыне быў затрыманы грузавік з баепрыпасамі, які суправаджаў прадстаўнік незаконнага фармавання і маёр узброеных сіл РФ. «Магчыма, неверагодная інфармацыя аб абстрэле была распаўсюджаная з мэтай адцягнення ўвагі грамадскасці ад удзелу ўзброеных сіл РФ у канфлікце на Усходзе нашай краіны», — выказваюць думку ўкраінскія памежнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0