У суд Цэнтральнага раёна на новы разгляд вярнулася так званая «Справа фінансістаў».

Галоўны абвінавачаны — былы старшыня праўлення і акцыянер (10% акцый) Тэхнабанка Уладзіслаў Кацарэнка.

Разам з ім на лаве падсудных яшчэ шэсць чалавек. Банкір і яшчэ двое абвінавачаных знаходзяцца пад вартай.

31 студзеня 2014 года Уладзіслаў Кацарэнка быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.2 і ч.3 арт. 233 (Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, спалучаная з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры і незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца арганізаванай групай), арт. 243 (Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) і ч.1 ст.380 КК Беларусі (падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў). Суддзя цалкам задаволіў патрабаванні дзяржабвінаваўцы і прысудзіў абвінавачанага да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Следчыя палічылі, што Уладзіслаў Кацарэнка стварыў і ўзначаліў злачынную групу. Яна займалася незаконнымі валютна-абменнымі аперацыямі, садзейнічаннем бізнэсу ў «адмыванні» грошай і ўхіленнем ад падаткаў.

У гэтыя схемы былі ўцягнутыя фірмы з Беларусі, Расіі, Латвіі, Украіны і Вялікабрытаніі. З дапамогай махінацый камерцыйныя структуры атрымлівалі магчымасць вываду грашовых сум з безнаяўнага абароту ў наяўны і наадварот, правядзення фіктыўных здзелак па фіктыўных дакументах і іншае.

Паводле падлікаў следства, зламыснікі атрымалі даход ад сваёй дзейнасці ў памеры 427 млрд рублёў, а сума нявыплачаных падаткаў склала 3,7 млрд рублёў, паведамлялі агенцтвы навінаў. Нагадаем, што гэтыя грошы былі атрыманы да сакавіка 2012 года, калі банкір быў затрыманы.

Уладзімір Сячко, былы падначалены Уладзіслава Кацарэнкі, які займаў пасаду намесніка начальніка ўпраўлення па ажыццяўленні валютна-абменных і касавых аперацый Тэхнабанка, краў яшчэ і ў самога банка. Яму інкрымінавалі злачынства ч.4 арт.209 (махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры), ч.4 арт.210 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры). Паводле дадзеных следства, ён, маючы доступ да сховішча банка і з'яўляючыся адказным за захаванасць ў ім каштоўнасцяў, здзейсніў крадзеж 69,6 млн рублёў, 851 тыс. расійскіх рублёў, 388,9 тыс. даляраў і 51,2 тыс. еўра.

На момант судовага разбіральніцтва ў першай інстанцыі, агульная сума накрадзенага складала амаль 500 тыс. даляраў.

Яшчэ чатыры бізнэсмены былі абвінавачаныя ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Па выніках разгляду справы ў судзе першай інстанцыі ўсе абвінавачаныя былі прызнаныя вінаватымі.

Але калі банкіры атрымалі рэальныя тэрміны, то бізнэсмены, якія ўдзельнічаюць у ценявых схемах, абышліся пакараннем без накіравання ў месцы пазбаўлення волі.

Гэта было абумоўлена іх раскаяннем і актыўным супрацоўніцтвам са следствам. Нягледзячы на гэтыя абставіны, пракуратура палічыла прысуд у дачыненні да іх занадта мяккім і апратэставала рашэнне ў Вярхоўным судзе. Там да довадаў нагляднага органа прыслухаліся і адправілі справу на новы разгляд у суд Цэнтральнага раёна.

***

Да Тэхнабанка Уладзіслаў Кацарэнка быў адным з акцыянераў Беларускага індустрыяльнага банка. Пазней банкі аб'ядналіся, і ён заняў пасаду старшыні назіральнага савета новай структуры.

Акрамя таго, на момант затрымання ён з'яўляўся намеснікам старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча, пастаяннага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?