На Youtube канале беларускай «чорнай трагікамедыі» «ГараШ» з’явіўся кароткі тызер фільма. Здымкі і мантаж стужкі завершаныя, прэм’ера запланаваная на восень.

Фільм створаны незалежна ад дзяржаўных крыніц фінансавання, ён абышоўся стваральнікам ва ўсяго пяць тысяч даляраў.

«Гэта кіно не ідэалягічнае, не палітычнае, але па-добраму хуліганскае і эксперыментальнае. Яно пра нас — сучасных беларусаў. Такіх, якімі мы ёсць на самой справе», — кажа рэжысёр Андрэй Курэйчык.

Як кажа Курэйчык, фільм атрымаўся большым, чым планавалася, і выйшаў за межы серыяльных і сіткомаўскіх шаблонаў. З камедыі вырасла «праблемнае, трагікамедыйнае, шмат у чым эстэцкае кіно».

Каманда «Гараша» хоча прадэманстраваць, што для адраджэння нацыянальнага кінематографу не патрэбныя мільёны даляраў, з падаткаў грамадзян скіраваныя ў замежную эканоміку, як то сталася з «Авелем».

«Саладзенькае, гламурнае кіно і серыялы выдатна робяць і без нас расейцы і амерыканцы, —мяркуе Курэйчык. — А беларусам пара сумленна паглядзецца ў люстэрка і пашукаць адказ, што ж мы гэта за дзіўная нацыя такая з савецкай сімволікай, саўковай архітэктурай, саўковым заканадаўствам, культурай, эстэтыкай, гумарам, «Дажынкамі», з недабітай нацыянальнай інтэлігенцыяй і вечным нявырашаным выбарам: быць часткай «рускага свету» ці цывілізаванага еўрапейскага прасторы».

Ролі ў «Гарашы» выканалі шэраг музыкаў, у тым ліку Аляксандр Кулінковіч, Юрый Навумаў (Neuro Dubel) і Ягор Забелаў («Гурзуф», «Ягор Забелаў Трыа»), кіназорка Эвеліна Сакура і артысты беларускіх тэатраў.

У фільме прагучаць песні як Neuro Dubel, так і іншых беларускіх выканаўцаў. Аўтары фільма збіраюцца абвесціць конкурс дзеля начынення саўндтрэку якаснай айчыннай музыкай.

Фільм хочуць паказаць на вялікіх экранах, але можа атрымацца толькі ў інтэрнэце.

«Гараш» збіраюцца спачатку прадэманстраваць на закрытых паказах, затым выпусціць для максімальна шырокай аўдыторыі. Ці трапіць ён у кінатэатры і на ТВ, залежыць ад стаўлення да твору ўлад, кажуць аўтары. Яны ўпэўненыя: фільм сабраў бы добрую «касу», але яму такой магчымасці хутчэй за ўсё не дадуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?