Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) можа выдзеліць Беларусі першы транш стабілізацыйнага крэдыту да канца гэтага года, заявіў прадстаўнік Еўразійскага банка развіцця Алішэр Мірзоеў.

Місія экспертаў ЕАБР знаходзілася ў Беларусі гэтымі днямі і абмяркоўвала ўмовы выдзялення краіне стабілізацыйнага крэдыту.

«Заключэнне, дапрацаванае з улікам рэкамендацый савета фонду, будзе разгледжанае ў чацвёртым квартале гэтага года. У выпадку станоўчага рашэння першы транш можа быць выдзелены да канца гэтага года», — заявіў Мірзоеў вечарам 31 жніўня ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

У сакавіку 2015 года Беларусь звярнулася ў ЕФСР з заяўкай на атрыманне новага крэдыту на 3 млрд. долараў. 3 ліпеня савет фонду даручыў дапрацаваць матрыцу эканамічных мер, якімі краіна павінна будзе кіравацца ў выпадку атрымання крэдыту фонду.

4 жніўня старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаўр заявіў, што канчатковая сума крэдыту, якую Беларусь можа атрымаць у ЕФСР, пакуль не вызначаная. «Заяўка першапачаткова была на 3 млрд долараў, гэта межавы ўзровень, які тэарэтычна мог быць задаволены, але канкрэтныя лічбы залежаць ад шэрагу фактараў, у тым ліку ад магчымасцяў Еўразійскага фонду», — адзначыў Калаўр.

Напярэдадні візіту місіі старшыня праўлення Еўразійскага банка развіцця, якія кіруе сродкамі ЕФСР, Дзмітрый Панкін адзначаў: «Мы плануем, што 24—28 жніўня ў Беларусь на перамовы з урадам прыедзе місія нашых экспертаў. Там мы плануем дэталёвую размову па кожным паказчыку. Валютныя рэзервы: што выканана або не выканана, якія застаюцца рознагалоссі, аб'ём крэдытавання эканомікі, які ўзровень кампенсавання тарыфаў на ЖКГ, кампенсавання транспартных тарыфаў. Такая размова будзе. Я спадзяюся, што мы здолеем знайсці кампраміс».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?