Пра гэта ў ягоным блогу паведаміў прэс-сакратар, журналіст Васіль Сямашка. Нагадаем, ініцыятыўную групу Барсіка спрабавалі зарэгістраваць 20 ліпеня, але ў ЦВК сказалі, што з катамі ў Цэнтрвыбаркам нельга. Барсік не адчаяўся, вырашыў працягваць актыўнае палітычнае жыццё, завёў блог, стаў ездзіць па рэгіёнах і сустракацца з народам.

28 жніўня Барсік знаёміўся з праблемамі аграпрамысловага сектара Беларусі. Разам са сваім прэс-сакратаром Васілём Сямашкам і фатографам Ганнай Івановай ён назіраў за уборкай сельгаспрадукцыі ў Маладзечанскім раёне і гутарыў з работнікамі сяла паблізу ад сваёй летняй рэзідэнцыі — лецішча недалёка ад Радашковічаў.

Усё ішло добра, але нечакана з Барсікам адбылася рэзкая змена настрою, — сумна згадвае Васіль Сямашка. — Звычайна лагодны і спакойны кот раптам зрабіўся вельмі нервовым — стаў шыпець, драпацца і вырывацца з рук.

Скочыў на зямлю, і нейкая «трэцяя сіла» імкліва захапіла ў густы лес, у гушчары якога ён хутка знік з поля зроку.

Лес ўяўляе сабой прастакутнік памерам 1х2 км пры дарозе Радашковічы — Маладзечна праз 5 км ад помніка экіпажу Гастэлы. З іншага боку лесу — паварот на вёску Гранічы.

Цягам 10 дзён прэс-сакратар вёў актыўныя пошукі зніклага палітыка. Чатыры разы ён начаваў на месцы знікнення, пакідаючы там корм і ваду. Ва ўсіх найбліжэйшых вёсках былі расклееныя аб'явы з фатаграфіяй кандыдата і абяцаннем ўзнагароджання за дапамогу.

Рэзідэнцыя-дача, дзе летам жыве Барсік, знаходзіцца ад месца яго знікнення за 5 кіламетраў паміж вёскамі Навасёлкі і прыпыначным пунктам электрычкі Баяры.

У цёплы час года, звыклы да жыцця на дачы кот, сілкуючыся мышамі і іншай дробнай дзічынай, пражыве ў лесе лёгка. Але Барсік па характары прыязны свойскі кот, які любіць кантакты з людзьмі.

Небяспеку для ката ў тых умовах, акрамя беларускіх спецслужбаў, уяўляюць сабакі, велізарныя ястрабы і ажыўленая аўтадарога Радашковічы — Маладзечна.

Асаблівыя прыкметы — жоўты ашыйнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0