Улады Германіі абвясцілі пра ўвядзенне пагранічнага кантролю з Аўстрыяй на фоне таго, што тысячы мігрантаў прыбылі ў краіну ў апошнія два дні, паведамляюць СМІ.

Раней улады Мюнхена заявілі, што яны ледзь даюць рады наплыву бежанцаў і мігрантаў, якія прыбылі ў апошнія тыдні ў горад з краін Блізкага Усходу і Афрыкі.

Больш за 13 тысяч мігрантаў прыбылі толькі ў Мюнхен у суботу. Між тым усё новыя групы ўцекачоў праточваюцца праз межы Грэцыі. Сёння каля 8500 чалавек перакрочылі мяжу Грэцыі і Македоніі. Потым іх шлях ляжыць праз Сербію ў Венгрыю. А далей — паварот на захад. Яшчэ каля 10 000 чалавек з Венгрыі перайшлі ў Аўстрыю.

Як паведамляюць нямецкія і аўстрыйскія газеты, пакуль што меры памежнага кантролю ўводзяцца толькі на мяжы паміж Баварыяй і Аўстрыяй.

Аўстрыйская газета Kronen Zeitung паведаміла, што баварская паліцыя распачне праверку пасведчанняў асобы тых, хто прыбывае ў краіну, для выяўлення падстаў для атрымання статусу бежанца, але пакуль незразумела, як менавіта будуць праводзіцца такія праверкі.

Чакаецца, што да канца года Германія прыме 800 тысяч бежанцаў.

ТАСС паведамляе, што Германія па ініцыятыве федэральнага ўрада часова спыніла чыгуначныя камунікацыі з Аўстрыяй з-за прытоку бежанцаў.

Па словах прадстаўніка аўстрыйскай кампаніі, пакуль не ясна, ці будзе таксама прыпынены рух цягнікоў у зваротным напрамку — з Германіі ў Аўстрыю, паведамляе Dw.de.

Раней віцэ-канцлер ФРГ Зігмар Габрыэль заявіў, што Германія цяпер «знаходзіцца на мяжы сваіх магчымасцяў». Па словах Габрыэля, гаворка ідзе не пра колькасць мігрантаў, а пра хуткасць, з якой яны прыбываюць.

У сваю чаргу аўстрыйскія СМІ паведамляюць, што ўрад Аўстрыі абвясціў пра скліканне экстраннага пасяджэння пасля заявы ўладаў ФРГ пра намер увесці кантроль на мяжы.

Чэхія і Славаччына па-ранейшаму адмаўляюцца прыняць нейкую квоту ўцекачоў. Непрыхільна да бежанцаў настроеная і Венгрыя. У гэтых краінах грамадская думка лічыць, што ўцекачы не столькі ратуюцца ад вайны і Ісламскай Дзяржавы, колькі шукаюць эканамічнага камфорту.

Плынь уцекачоў не спыняецца, і еўрапейскі гуманізм пачынае ўваходзіць у супярэчнасць з тэхнічнымі магчымасцямі Еўропы. Бежанцаў трэба карміць, вучыць мовам і мясцовым законам. Аднак няма інфраструктуры, каб размясціць і вучыць столькі людзей адначасова. Як мяркуецца, колькасць уцекачоў, што папросіць прытулку ў Нямеччыне сёлета, перавысіць 1% ад насельніцтва краіны.

Адкрытасць межаў Еўропы і ідэі гуманізму і глабалізму стварылі сітуацыю, прэцэдэнту якой на кантыненце яшчэ не бывала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?