Шклозавод «Ялізава» накіраваў у магілёўскі дзяржсуд заяву аб банкруцтве прадпрыемства. Дадзеную інфармацыю TUT.BY пацвердзілі на самім прадпрыемстве.

Гаворка ідзе аб санацыi прадпрыемства, а не аб банкруцтве ў прамым сэнсе гэтага слова, падкрэслілі на заводзе. «Фінансавая сітуацыя не вельмі добрая, таму [заводу] неабходны перыяд санацыі (перыяд адтэрміноўкі выплат крэдыторам. — TUT.BY)», — адзначылі там. Усім крэдыторам накіравалі адпаведныя лісты. Ад іншых каментароў на «Ялізава» адмовіліся.

З пачатку 2000-х гадоў 65% акцый шклозавода «Ялізава» належыць АТЕС Holding — гэта зарэгістраваная ў Аўстрыі кампанія, адным з асноўных уладальнікаў якой называюць вядомага беларускага бізнэсмена Аляксандра Мураўёва. 35% акцый належыць дзяржаве.

Агенцтва ПРАЙМ-ТАСС са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што ў цяперашні час на прадпрыемстве працуе адна з трох шклаварачных печаў, і гэта адбіваецца на аб'ёмах выпуску прадукцыі. Вытворчасць шкляных слоікаў у студзені-верасні завод скарацілася на 52,4%, да 78,7 мільёна штук, шкляных бутэлек — на 31,2%, да 28,1 мільёна штук. Адгрузка слоікаў на ўнутраны і знешні рынкі знізілася ў студзені-верасні 2015 на 44,2%, да 88,8 мільёна штук, бутэлек — на 6,7%, да 36 мільёна штук.

Доля экспарту ў структуры адгрузак ў студзені-верасні 2015 складала 28% і знізілася на 11,7 працэнтнага пункта ў параўнанні з узроўнем студзеня-верасня 2014 года. У грашовым выражэнні адгрузкі на экспарт склалі 3,4 млн даляраў (мінус 58,9%). «У апошнія месяцы мы крыху павялічылі экспарт у параўнанні з пачаткам года, але ў параўнанні з мінулым годам ён істотна знізіўся», — удакладніў суразмоўца агенцтва.

У пачатку лета з'явілася інфармацыя аб затрыманні Аляксандра Мураўёва, яго братоў, а таксама першых асоб ATEC Holding і мінскага мотавелазавода.

14 мая ў друкаваным органе Адміністрацыі прэзідэнта газеце «СБ. Беларусь сегодня» выйшаў артыкул пра тое, што на шклозаводзе не працуе два цэхі з трох. Праз пазыкі (у прыватнасці, за газ — 8 млн даляраў) збіраліся спыніць і апошні цэх, але тады з цэхам можна было б «зачыняць» і пасёлак Ялізава, дзе шклозавод з'яўляецца горадаўтваральным прадпрыемствам. Мураўёў наракаў на высокі кошт на газ для завода ў параўнанні з расійскімі канкурэнтамі і прапаноўваў увесці часовыя забаронныя меры на ўвоз шклатары з Расіі.

Раней праходзіла інфармацыя аб банкруцтве двух іншых шкляных актываў Мураўёва — лідскай «Белеўратары» і «Гомельскага шклатарнага завода».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?