Сёння, 23 кастрычніка, у Гомельскім абласным судзе быў агучаны прысуд Аксане Сарокінай. У пачатку красавіка яна ўтапіла ў ванне сваіх дзяцей — 11-месячную Ангеліну і 2-гадовага Савелія. Суд прысудзіў яе да 25 гадоў пазбаўлення волі.

Дзяржабвінаваўца: «Абвінавачаная не раскаялася ў зробленым»

Паводле жадання абвінавачванай і боку абароны суд праходзіў у закрытым рэжыме «ў сувязі з тым, што будуць абмяркоўвацца пытанні, якія тычацца асабістага жыцця» Сарокінай. Суддзя падтрымаў гэтае хадайніцтва і папрасіў прэсу пакінуць залу пасяджэнняў. Так што ў журналістаў не было магчымасці даведацца з вуснаў самой абвінавачванай, чым яна кіравалася, здзяйсняючы такое жахлівае злачынства.

Прадстаўнікам мас-медыя дазволілі прысутнічаць толькі на абвяшчэнні прысуду. Менш за ўсё хацелася зноў убачыць тую ціхамірна-спакойную ўсмешку на твары Сарокінай, з якой яна пазіравала журналістам перад пачаткам самага першага судовага пасяджэння.

— Сарокінай інкрымінуецца наўмыснае забойства двух малалетніх дзяцей, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю. Санкцыя часткі 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе смяротнага пакарання, — пракаментавала Алена Галко, якая выступала ў судзе дзяржаўным абвінаваўцам. — Але для жанчын у нашай краіне максімальны памер пакарання — 25 гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, па заключэнні стацыянарнай комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, ў абвінавачванай у перыяд часу, які адносіцца да інкрымінаваных ёй дзеянняў, дыягнаставалі дыссацыяльнае расстройства асобы. Аднак эксперты сцвярджаюць, што ў момант ўтаплення дзяцей абвінавачаная ўсведамляла характар сваіх дзеянняў і іх наступствы.

— Зыходзячы з абставінаў здзейсненага злачынства, а таксама з улікам таго, што абвінавачаная не раскаялася ў зробленым, бок абвінавачвання папрасіў суд прызначыць ёй максімальны тэрмін, — распавяла Алена Галко.

Пацярпелы: «Яна ўсміхалася ўвесь час, і мяне гэтая ўсмешка дабівала»

Пацярпелым у судзе выступаў былы сужыцель абвінавачанай. Алег — адзіны, каму было дазволена прысутнічаць на ўсіх судовых пасяджэннях. Мужчына калісьці жыў з Сарокінай у грамадзянскім шлюбе і прыняў яе дзяцей як сваіх. Ён і яго маці хавалі малых.

На пытанне, ці задавальняе яго прысуд, Алег адказаў:

— Няма такога пакарання, якое б мяне задаволіла. Бог яе пакарае. Ёй 25 гадоў, а калі яна выйдзе, будзе ўжо позна пачынаць усё спачатку. Савелію 5 лістапада было б тры годзікі. 8 кастрычніка споўнілася роўна паўгода з дня смерці малых. Мяне забіла, калі суддзя паказаў ёй рэчавыя доказы — дзіцячыя камбінезончыкі, у якія былі апранутыя мёртвыя малыя, — і спытаў, ці патрэбныя ёй гэтыя рэчы, яна сказала: «Няхай на памяць застануцца».

Мужчына кажа, што Сарокіна не выціснула ніводнай слязы падчас судовага разбору. З яго слоў, толькі на адным пасяджэнні яна праявіла агрэсію, «калі сведкавыя паказанні давалі супрацоўнікі сацабароны, якія наведвалі яе на доме, яна стала біць па шкле, бегаць у шаленстве па клетцы, нецэнзурна выказвацца. Прыйшлося перапыніць пасяджэнне, яе павезлі тады».

Са слоў пацярпелага, Сарокіна распавяла ў дэталях, што адбылося ў той дзень, калі яна ўтапіла сваіх дзяцей, яе паказанні пацверджаны следствам:

«Увечары Сарокіна вырашыла прыняць ванну, Савелія ўзяла з сабой. Сказала, што хацела расслабіцца. Сына трымала на руках, павярнуўшы спінай да сябе. З яе слоў, у нейкі момант яна, задумаўшыся пра нешта, апусціла галаву малога пад ваду і трымала да таго часу, пакуль ён не захлынуўся.

Гэта адбылося 7 красавіка, бліжэй да ночы. Жанчына паслухала сэрца сына — яно не білася. Яна пакінула мёртвае дзіця ў ванне, села за ноўтбук і набрала ў пошукавіку «пена з рота пры ўтапленні».

Праз некалькі гадзін, ужо ноччу, вырашыла ўтапіць і Ангеліну. Падумала, што яе ўсё роўна асудзяць, а дачку адправяць у дзіцячы дом, патлумачыла яна ў судзе. Аднесла дзяўчынку ў ванну, у якой усё яшчэ ляжаў мёртвы Савелій. Трымала яе пад вадой тварам уніз, калі дастала - Ангеліна была яшчэ жывая, яна зноў пагрузіла дзіця ў ваду.

Затым запусціла мыццё, прыбрала кватэру, дастала мёртвых дзяцей з ванны, апранула адубелыя ўжо трупікі — рыхтавалася да таго, што за ёй прыйдуць. Раніцай сама патэлефанавала ў міліцыю».

— Яна ўсміхалася ўвесь час у судзе, і мяне гэтая ўсмешка дабівала, — прызнаўся Алег. — Казала, што дзецям у магілцы будзе лепш, чым у дзіцячым доме. Я праклінаю той дзень, калі сустрэў яе.

Алег кажа, што калі былі спрэчкі бакоў, ён паказаў фатаграфіі малых, распавёў, як цяжка было іх хаваць, як невыносна было бачыць у царкве на адпяванні замест вясёлых жыццярадасных Ангеліны і Савелія дзве маленькія труны.

— Аксана ўпершыню за ўвесь час судовых пасяджэнняў заплакала. Нават апошняе слова яна прачытала па паперцы: «Я раскайваюся. У жыцці ўсякае можа здарыцца. Зразумейце і выбачайце» — не было шчырасці ў гэтых словах, як быццам чытала кімсьці напісаны тэкст па паперцы. На твары яе была ўсё тая ж ўсмешка.

Перад абвяшчэннем прысуду Сарокіна сядзела, нізка апусціўшы галаву. Аднак, калі яна зрэдку глядзела ў залу, на твары была ўсё тая ж ўсмешка …

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?