Як мінімум тры напады з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі адбыліся ў Парыжы вечарам у пятніцу, 13 лістапада. Прынамсі 120 чалавек загінулі, дзясяткі атрымалі раненні. Адначасова некалькі выбухаў прагрымела непадалёк ад арэны стадыёна Stade de France у прыгарадзе французскай сталіцы. Прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд абвясціў у краіне надзвычайнае становішча і закрыў межы.

Стрэлы прагучалі ў Парыжы ў пятніцу ўвечары, каля 21.20 па мясцовым часе (23.20 па Мінску) спачатку ў X, а потым у XI акрузе французскай сталіцы, побач з вуліцай Біша (rue Bichat), потым у канцэртнай зале Bataclan, дзе ў гэты момант граў гурт Eagles of Death Metal.

Відавочцы распавялі пра пяць ці шэсць мужчынаў, без масак, якія бязладна стралялі па натоўпе. Па іх словах, стральба пачалася ў разгар канцэрту.

Адначасова невядомыя адкрылі стральбу па наведвальніках дзвюх парыжскіх устаноў, якія знаходзяцца адна насупраць адной, бара Carillon («Цыферблат») і рэстарана Le Petit Cambodge («Маленькая Камбоджа»). Па словах відавочцаў, людзі крычалі, на зямлі ляжалі каля дзесяці цел.

У гэты ж час у ходзе футбольнага матча Францыя—Германія каля стадыёна Stade de France на поўнач ад Парыжа прагрымелі выбухі. Па папярэдніх дадзеных, гаворка ідзе пра дзеянні тэрарыстаў-смяротнікаў.

Журналіст выдання 20 Minutes, які знаходзіўся на месцы, паведаміў аб двух выбухах, якія былі чутныя на стадыёне падчас першага перыяду. «Фігаро» паведамляе аб трох выбухах. Паводле папярэдніх дадзеных паліцыі, загінула не менш за тры чалавекі.

Франсуа Аланд, які прысутнічаў на матчы, быў эвакуякаваны са стадыёна і накіраваўся ў крызісны штаб МУС Францыі.

Пазней у звароце да нацыі прэзідэнт Аланд абвясціў аб увядзенні ў краіне надзвычайнага становішча, а таксама аб закрыцці межаў і заклікаў народ Францыі да адзінства і салідарнасці перад тварам тэрарызму.

Спецназ штурмам узяў канцэртную залу Bataclan, дзе, як стала вядома, тэрарысты захапілі закладнікаў. 

Усяго ў зале загінулі, па апошніх дадзеных, не менш за 80 чалавек. Нападнікі былі забітыя ў ходзе штурму.

На раніцу суботы паведамляецца пра 120 загінулых, 200 параненых і восем забітых тэрарыстаў.

Паводле інфармацыі Елісейскага палаца, 1500 дадатковых вайскоўцаў былі мабілізаваны ў пятніцу вечарам. У суботу адбудзецца пазачарговае пасяджэнне Рады абароны краіны, на якім павінны быць прыняты рашэнні па далейшым дзеяння ўладаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?