Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры бязь межаў» шакаваная затрыманьнем і зьбіваньнем журналістаў падчас дэманстрацыі ў Менску 25 сакавіка, а таксама вобыскамі, праведзенымі 27 сакавіка супрацоўнікамі КДБ у кватэрах журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Радыё Рацыя», «Эўрапейскім радыё для Беларусі» і тэлеканалам «Белсат». Пра гэта заявіла ў інтэрвію БелаПАН кіраўніца аддзелу Эўропы і былога СССР «Рэпарцёраў бязь межаў» Эльза Відаль.

«У дачыненні да крытыкі або сіл, якія спрабуюць аслабіць кантроль над грамадзтвам, ва ўладаў Беларусі ёсьць толькі адзін адказ — рэпрэсіі і насільле», — лічыць Э. Відаль.

Яна заклікала эўрапейскую супольнасьць аказаць націск на ўлады Беларусі з мэтай спыненьня праследаваньня журналістаў.

«Я лічу, што такія ініцыятывы, як «Радыё Рацыя» або тэлеканал «Белсат», неабходна абараняць. Назіраюцца нават спробы ўладаў ўвесьці цэнзуру ў інтэрнэце, што выклікае асаблівую занепакоенасьць», — зазначыла прадстаўніца арганізацыі.

Раніцай 27 сакавіка супрацоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі правялі вобыскі ў здымных кватэрах журналістаў, якія супрацоўнічаюць з польскім «Радыё Рацыя», «Эўрапейскім радыё для Беларусі», польскім тэлеканалам «Белсат», а таксама ў дамах у незалежных журналістаў з Гомелю, Віцебску, Берасьця, Горадні, Бабруйску й іншых гарадоў. Былі канфіскаваныя аргтэхніка і розныя носьбіты інфармацыі.

25 сакавіка, падчас разгону несанкцыянаванай акцыі з нагоды Дня волі ў Менску, былі затрыманыя журналісты газэты «Наша ніва» Андрэй Лянкевіч і Сямён Печанко. Пры затрыманьні А. Лянкевіча моцна зьбілі, нягледзячы на наяўнасьць у яго журналісцкага пасведчаньня. Ён абвінавачваўся па арт. 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства або пікетаваньня). С. Печанко быў асуджаны на 15 сутак арышту па аналягічным абвінавачаньні.

Паводле: Аляксандр Янусік, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0