Фота Марыны Серабраковай, Sputnik.by.

Фота Марыны Серабраковай, Sputnik.by.

На адным з сайтаў, скіраваных на беларускую аўдыторыю, што фінансуюцца расійскімі спецслужбамі, з’явіўся артыкул беларускага пісьменніка Андрэя Лазуткіна пра Курапаты.

Лазуткін адмаўляе той факт, што ў Курапатах пахаваныя ахвяры савецкіх расстрэлаў і выцягвае старую версію, што там спачываюць ахвяры нацыстаў.

Ён грунтуецца на шэрагу сфальсіфікаваных дакументаў, што з'явіліся ў канцы 1980-х, якія мелі на мэце абяліць савецкі рэжым.

З новага — Лазуткін у духу новай расійскай канспіралогіі верыць у змову беларускіх эліт з мэтай распальвання ў краіне русафобіі. Ён абвінавачвае ў тым не толькі беларускіх пракурораў, але і даводзіць, што газаправод, які клалі каля мікрараёна Зялёны Луг у 80-я, спецыяльна павярнулі, каб абследаваць мясцовасць і знайсці пахаванні. «Определенные лица знали о примерном месте казней, а впоследствии выдали желаемое за действительное». Дзеля чаго? Каб дыскрэдытаваць СССР і раскруціць БНФ.

Дарэчы, Лазуткін не ведае, што саму назву «Курапаты» прыдумаў Зянон Пазняк. Такім хітрым спосабам ён выкрыў будучую спробу фальшавання гісторыі. Да таго лес на горах каля вёскі Цна-Ёдкава не называўся ніяк.

Пазняк прадбачыў спробы фальсіфікацыі гістарычных дакументаў адносна месца расстрэлаў. І, сапраўды, неўзабаве пасля першай публікацыі пра месцы пахаванняў у лесе каля Зялёнага Луга з'явіліся фальшывыя «дакументы НКВД» з рапартамі пра «расстрэлы нацыстамі ва ўрочышчы Курапаты». Тады Пазняк і падняў доказы, што назвы Курапаты да ягонай публікацыі не існавала.

Адзіны праўдзівы факт, за які чапляецца Лазуткін, — гэта лічба ў 250—300 тысяч магчымых пахаваных у Курапатах, якая была прыведзеная ў першай публікацыі пра некропаль. Яна сапраўды была завышаная. Лічба ў прыкладна 30 тысяч расстраляных, названая генпракурорам БССР Тарнаўскім, больш верагодная.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Агулам у Беларусі, як падлічыў архівіст Адамушка, было незаконна рэпрэсавана каля 600 тысяч чалавек. Каля 200 тысяч з іх загінула. Расстраляныя ў Мінску і спачываюць у лесе каля Мінска.

Хвалі савецкага тэрору ў 1920-я гады вынішчылі шляхту, царскае чынавенства, пасля – левую апазіцыю і рэлігійных актывістаў. Каля 1930-га рэпрэсіі абрынуліся на багатых сялян. У 1930-я татальныя рэпрэсіі чакалі нацыянальную інтэлігенцыю і старыя інжынерныя кадры. У 1937 былі вынішчаны кіраўнічыя кадры БССР. Нарэшце, у два заходы былі ліквідаваны тыя работнікі НКВД, якія ажыццяўлялі папярэднія рэпрэсіі, каб сцерці іх сляды. Такім чынам Сталін з паранаідальнай метадычнасцю вынішчыў сацыяльныя групы, патэнцыйна здольныя да арганізаванай апазіцыі. На заходныя нацыі СССР абрынуўся асабліва жорсткі ўдар.

Андрэй Лазуткін — аўтар кніг «Палігон» і «Паліталогія», актывіст пралукашэнкаўскай Кампартыі Беларусі.

У Беларусі не існуе пакарання за адмаўленне савецкіх злачынстваў, у тым ліку масавага тэрору 1937 года і галадамору сялянства. 

Свой артыкул Лазуткін прысвяціў 137-годдзю Сталіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?