Холдынг News Media, у які ўваходзяць тэлеканал LifeNews і «Ізвестія», вырашыў скараціць выдаткі на 30%. Пра гэта выданню VC.ru паведаміла намеснік галоўнага рэдактара «Вестак» Настасся Кашаварава.

Паводле яе слоў, «перад кіраўнікамі падраздзяленняў ёсць два шляхі вырашэння праблемы — альбо скарачаць штат на 30 адсоткаў, альбо скарачаць зарплаты на 30 адсоткаў».

Пра скарачэнне фонду аплаты працы 22 снежня на рэдкалегіі абвясціў кіраўнік холдынгу Арам Габрэлянаў.

У канцы 2014 года холдынг News Media ужо праводзіў скарачэнні. Тады паведамлялася, што будуць звольненыя да паловы супрацоўнікаў тэлеканала LifeNews. 

У News Media ўваходзіць сайт і тэлеканал Life News, газеты «Ізвестія», «Жізнь» і «Твой день», а таксама праект Super.ru.

LifeNews адыграў цэнтральную ролю ў распальванні вайны на Данбасе. Тэлеканал выкарыстоўваў медыятэхналогіі заходніх жоўтых СМІ, але спалучаў гэта з шавінізмам і агрэсіяй.

Арам Габрэлянаў лічыцца блізкім сябрам Уладзіміра Пуціна. Калі цэны на нафту былі высокімі, Масква прывяла ў дзеянне каласальную прапагандысцкую машыну, арыентаваную як на ўнутраную, так і на замежныя аўдыторыі. Былі задзейнічаны тэлебачанне, інтэрнэт, нават у сацыяльных сетках дзейнічалі тысячы «ботаў». Пасля падзення цэнаў на нафту прапагандысцкая машына пачала збаўляць абароты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?