Інфляцыя ў Беларусі ў 2016 годзе будзе двухзначнай, але нават пры неспрыяльным прагнозе не перавысіць 17-18%. Такое меркаванне выказаў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1».

Бюджэт Беларусі на 2016 год разлічаны зыходзячы з цаны на нафту 50 долараў за бараль і курсу 63 расійскіх рубля за долар. Інфляцыя на 2016 год прагназуецца не большай за 12%.

«Калі бараль нафты на сённяшні дзень амаль 30 долараў каштуе і курс расійскага рубля за 75 да долара, мы разумеем, што тая інфляцыя, якую мы прагназавалі пры іншых курсах на 2016 год, наўрад ці можа спраўдзіцца. На сённяшні дзень мы можам казаць смела, што інфляцыя будзе двухзначнай лічбай. Якая яна будзе — 14, 15%, складана пакуль сказаць, мы робім пэўныя разлікі», — заўважыў міністр у інтэрв'ю, фрагмент якога быў паказаны ўвечары 14 студзеня.

Разам з тым, на думку кіраўніка Мінэканомікі, інфляцыя ў 2016 годзе не будзе большай за 17-18%. «Думаю, у любым выпадку такая інфляцыя не будзе. Урад працуе разам з Нацыянальным банкам, каб так і было», — адзначыў Зіноўскі.

«Мы гатовыя да пэўных пераўтварэнняў, падтрымання нашых прадпрыемстваў, каб развівалася эканоміка, але тым не менш мы завязаныя і на эканоміку ў нашых суседзяў, у тым ліку ў Расійскай Федэрацыі і ва Украіне», — падкрэсліў міністр.

Аднак, паводле яго слоў, нават горшы са сцэнарыяў на гэты год не адменіць сацыяльнай падтрымкі і праграм развіцця і мадэрнізацыі.

Нагадаем, у 2015 годзе інфляцыя ў Беларусі склала 12%, што адпавядае першапачатковаму прагнозу. Пры гэтым у канцы студзеня мэтавы арыенцір інфляцыі ў 2015 годзе быў вызначаны Нацбанкам у 18% з дапушчальнай адхіленнем у 2%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?