Летась падчас візіту ў аздараўленчы цэнтр «Сасновая» Аляксандр Лукашэнка заявіў пра тое, што трэба развіваць у краіне сетку беларускай кухні.
Сетка крамаў «Радзівілаўскі», якая належыць дзяржаве, сёння адкрыла кафэ-бістро «Маэстра», дзе меню складаецца толькі са страў беларускай кухні. Кафэ-бістро размясцілася ў будынку факультэта міжнародных адносін БДУ каля вакзалу.
На адкрыцці прысутнічалі (злева направа): Андрэй Мельнікаў, дырэктар сеткі крамаў «Радзівілаўскі»; Андрэй Дамарацкі, намеснік старшыні Гарвыканкама; Сяргей Барысевіч, кіраўнік галоўнага ўпраўлення спажывецкіх рынкаў Мінгарвыканкама; Віктар Равіна, намеснік кіраўніка службы грамадскага харчавання.
Віктар Равіна неаднаразова падкрэсліваў, што гэтая сетка бістро будзе прасоўваць беларускую кухню. Асноўнай мэтавай аўдыторыяй яны лічаць мясцовых мінчукоў і турыстаў.
Пакуль што ў бістро 48 пасадкавых месцаў. Калі бізнэс будзе развівацца, то плануецца пашырыць колькасць месцаў да 100. Само кафэ-бістро аформленае ў нацыянальным стылі.
МЕНЮ І ЦЭНЫ
Асартымент у «Маэстра» нагадвае невялікае «Лідо». Меню падзяляецца на халодныя закускі і салаты, першыя і другія стравы, гарніры, торты і марозіва, кава, гарбата і алкагольныя напоі.
Халодныя закускі
У асноўным порцыі па 150 грам. Ёсць селядзец «пад футрам», салаты з птушкі з грыбамі, салаты з вяндлінай, таксама ёсць і салаты, у складніках якіх няма мяса. Цэны вагаюцца ад 10 да 34 тысяч.
Першыя стравы
У наяўнасці ёсць тры віды супа: суп са свежай капусты за 14 800, суп хатні за 16 700 і суп пярловы з грыбамі за 10 700. І гэта за трыста грам.
Другія стравы
Другія стравы складаюцца з 13 пазіцый. Ёсць свініна з грыбамі і памідорамі, ёсць і дранікі за 21 500 (4 штукі), асобна ёсць дранікі з морквай за 16 800 (3 штукі). Ёсць знакамітая беларускай катлета «Папараць-кветка». Шмат фірмовых катлет. Таксама можна пакаштаваць рыбу па-беларуску за 27 200. Цэны на мясныя вырабы вагаюцца ад 15 да 35 тысяч.
Гарніры
На выбар ёсць 5 відаў гарніраў. Рыс з гароднінай за 15 800, каша грэчневая за 6 400, нават бульба-фры за 25 000, макароны адварныя з грыбамі за 10 300 і бульба смажаная з мясам за 16 200. Адна порцыя — 200 грам.
Каву можна самому зрабіць з кавамашыны, а можна замовіць нешта асаблівае з кававай карты. З гарбатай усё гэтаксама.
Алкаголь збольшага беларускай вытворчасці: тэкіла, віскі, каньяк, самагонка, ром і, вядома, піва.
***
Цяжка сказаць, ці зможа дзяржаўнае бістро канкураваць з тым жа «Макдональдсам», які знаходзіцца праз дарогу. З іншага боку, цэны даволі дэмакратычныя, таму студэнтам танней будзе харчавацца тут.