Беларускі асілак, рэкардсмен «Гінэса» Кірыла Шымко распавёў «Нашай Ніве», навошта яму рэкорды, як ён выступае на карпаратывах і што будзе рабіць, калі не зможа цягаць танкі і самалёты.

«Наша Ніва»: Раскажыце, адкуль вы? Хто вашыя бацькі?

Кірыла Шымко: Я карэнны мінчук, нарадзіўся і вырас тут, у Фрунзенскім раёне Мінска. Маці была эканамістам, потым займалася трошкі бізнэсам… Бацька – мастак, але працаваў і будаўніком. Цяпер яны на пенсіі, жывуць за горадам.

«НН»: То бок вы з інтэлігентнай сям’і?

КШ: Ну, можа не тое каб з інтэлігентнай… Але вышэйшую адукацыю ўсе маюць.

«НН»: А ў дзяцінстве вы кім марылі стаць?

КШ: Я вельмі цікавіўся авіямадэлямі, больш за 7 гадоў хадзіў у радыёгурток. А стаць хацеў канструктарам самалётаў.

«НН»: Сёння расчаравання няма, што сталі вядомым як атлет, а не як канструктар?

КШ: Не, няма. Гэта ж залежыць ад стаўлення, ад стэрэатыпнага мыслення. Я сабой задаволены.

«НН»: Раскажыце, як вы прыйшлі ў спорт?

КШ: Я любіў марыць. І я марыў, як буду будаваць самалёты, і як буду вельмі-вельмі моцным. Ва ўсіх жа казках, легендах апісваліся волаты – і я хацеў быць такім. Мяне ўражвалі дасягенні атлетаў мінулага, якія маглі сагнуць падкову, рвалі ланцугі… Любы хлопчык хоча быць моцным.

Я пачаў займацца спортам: баскетболам, барацьбой. У баскетболе нават трапіў у юніёрскую зборную, але пачаліся праблемы з нагой – прыйшлося «завязаць».

Класе ў 8-9 я пачаў «цягаць жалеза». У школе знайшлася старая штанга, маленькі набор гантэлей… І мы з сябрамі арганізавалі сваю невялікую трэнажорную залу ў памяшканні, якое нам выдзяліў фізрук. Я купіў туды за свае грошы баксёрскую грушу. Я нават тады не ведаў дакладна, як і чым займацца – былі нейкія кнігі, па іх і ладзіў трэніроўкі.

Пасля школы я паступіў у «нархоз» (БГЭУ) на эканаміста-менеджара. І таксама мэтанакіравана пайшоў у атлетычную залу, працягваў займацца. Гэта станавілася ўжо часткай майго жыцця.

«НН»: У арміі не служылі?

КШ: У армію не пайшоў, бо я даволі рана ажаніўся, стаў бацькам.

«НН»: А пасля ўніверсітэта што рабілі?

КШ: Працаваў. Спачатку ў аўтасервісе — пачаў гэта яшчэ чаляднікам, калі быў студэнтам. Потым стаў механікам. Затым займаўся прадпрымальніцтвам, гандляваў дзіцячым абуткам.

«НН»: Дарэчы, як былы прадпрымальнік – як вы ставіцеся да сённяшняга канфлікту дзяржавы і іпэшнікаў?

КШ: Ніколі не будзе такога, каб усе былі задаволеныя. Я лічу, што калі закрываюцца адны магчымасці – адкрываюцца іншыя. А плакаць сэнсу няма. Не падабаецца табе тут рабіць бізнэс? Можна з’ехаць у іншую краіну. Так, хтосьці пачне казаць: «Чаму з’язджаць, я ж тут нарадзіўся і жыву»… Але ты ж нічога не можаш змяніць. Ну тады закрывай сваю кропку. Так, гэта несправядліва. Але ў жыцці хапае несправядлівасці.

Трэба проста аб’ектыўна глядзець на сітуацыю. Што канкрэтны чалавек можна змяніць у гэтай сітуацыі? Што могуць зрабіць прадпрымальнікі? Аб’яднацца і пайсці на ўладу? Але ад гэтага нічога не зменіцца – яны толькі загубяць сябе і свой бізнэс. Сітуацыяй кіруе дзяржава, падабаецца гэта людзям ці не. Іпэшнікі не ў стане падняцца і зрабіць штосьці такое, каб улада перад імі адкрыла дзверы. І біцца ў гэтыя дзверы сэнсу няма – бо яны б’юцца нават не ў дзверы, а ў сцяну. Таму трэба падумаць і паспрабаваць адкрыць іншыя дзверы.

«НН»: Вернемся да вас. Вы скончылі ВНУ, працавалі, займаліся атлетыкай… А калі вырашылі ператварыць свае спартовыя дасягненні ў шоу?

КШ: Прыкладна ў 98-99 годзе я ўбачыў спаборніцтвы «Strongest man» – там дзе асілкі носяць камяні, падымаюць машыны… Мяне ўразілі тыя гіганты, нібыта з іншай планеты. І я хацеў калі-небудзь паспрабаваць такое і сам. Але для гэтага трэба было мець падрыхтоўку. І вось у 2005 годзе я адправіў сваю заяўку на падобныя спаборніцтвы ў Даўгаўпілсе. Паехаў туды з Паўлам Сарокам, асілкам і маім сябрам. Паспрабавалі сябе – і мы былі не апошнія, хоць удзельнічалі ўпершыню.

І закруцілася… Я пачаў актыўна практыкавацца. Пасля я ўдзельнічаў у спаборніцтвах асілкаў у розных краінах: Расія, Еўропа, Японія, Кітай…

А затым мы з Сарокам вырашылі зрабіць штосьці цікавае ў Беларусі. У 2007 годзе мы змаглі ссунуць з месца цэлы састаў – цягнік і пяць вагонаў.

«НН»: А навошта вам гэта? Ну працягнулі вы цягнік – і што?

КШ: А што штурхае людзей на ўчынкі? Асабліва мужчын? Жаданне выдзеліцца. Гэта сутнасць натуры чалавека, інстынкт. Мужчына хоча кожную секунду, кожны момант быць значным, быць чагосьці вартым, быць адметным. Быць самым лепшым ва ўсім, што бы ён не рабіў. Гэта яго прырода. Менавіта па гэтай прычыне Калумб адкрыў Амерыку, Джобс прыдумаў айфон, а Ракфелер зарабіў свае мільярды.

Вось мужчыны вельмі часта спрабуюць памерацца са мной сілай. Яны не займаліся 20 гадоў так як я, але ўсё роўна хочуць сябе праверыць – бо ім хочацца паспрабаваць, асабліва ў прысутнасці жанчын. Іх штурхаюць на гэта інстынкты.

«НН»: Навошта гэта персанальна вам, я зразумеў. Але што гэта мяняе ў свеце? Ссунулі вы цягнік – дык яго потым паставілі на месца і ўсё. Нічога не змянілася.

КШ: Мяняецца галоўнае – свядомасць моладзі, якая глядзіць на гэта. Яны разумеюць, што чалавек можа быць супермэнам. Калі хочаш стаць героем — не трэба піць, курыць, нюхаць клей, а трэба займацца спортам. Кожны хлопчык хоча стаць асілкам больш, чым навукоўцам: проста таму, што сіла — гэта больш наглядны прыклад. І я паказваю чалавечыя магчымасці.

«НН»: Вы не зарабляеце грошы сваімі рэкордамі? Хто аплачвае вашы рэкорды?

КШ: Аплаціць рэкорды дапамагалі спонсары. Але той цягнік, напрыклад, мы бралі ў арэнду за свае грошы. Дзяржава мне не перашкадае, але і не дапамагае.

«НН»: А за што жывяце?

КШ: Пад маім імем выпускаецца спартовая экіпіроўка. Таксама я кіраўнік і саўладальнік гандлёвага цэнтра, які неўзабаве павінен адкрыцца. Там будуць тавары для спартоўцаў, паляўнічых і рыбакоў.

Але я яшчэ выступаю на імпрэзах і карпаратывах са сваім сілавым шоу.

«НН»: І колькі каштуе вас запрасіць?

КШ: Ну, я не буду агучваць… Каму цікава — хай тэлефануюць майму агенту і запрашаюць. Але маё шоу каштуе не танна. Бо гэта ж усё ўжывую. Я рву ланцугі, завязваю вузлом цвікі, скручваю патэльні…

«НН»: А як сабе адчуваеце, калі выступаеце перад публікай на карпаратывах, калі людзі сядзяць, ядуць, выпіваюць?

КШ: Там ніхто не сядзіць і не выпівае, калі я выступаю! Усе падымаюцца роўненька і глядзяць! Бо мой выступ – не забаўка. Гэта не забаўляльны характар. Гэта – ашаламляльны і здзіўляючы характар. Я здзіўляю публіку, а не забаўляю яе. Забаўляюць дзяўчаткі, якія спяваюць і танчаць. Сёння глядач дасведчаны, яго здзівіць цяжка. Але я магу. Мой выступ бачыла дырэктарка цырка – і здзівілася. Клікала да сябе на працу, дарэчы.

«НН»: І чаму не пайшлі?

КШ: Бо мае выступы – не цырк. Я не магу выступаць кожны дзень. Гэта кожны раз – звышнамаганне, пераадольванне сябе. І людзі гэта бачаць. І таму яны мяне слухаюць.

«НН»: А вы штосьці яшчэ прамаўляеце падчас выступаў?

КШ: Так, часам. Я акрамя таго, што асілак, я яшчэ філосаф сучаснасці, можна так сказаць. Я даў новыя вызначэнні простым, здавалася б, рэчам.

«НН»: Напрыклад?

КШ: Ну вось – слова «Радзіма». Што такое Радзіма? Тлумачальны слоўнік кажа, што Радзіма – гэта Айчына, месца дзе нарадзіўся, сваяцтва. Усё.

«НН»: А вы, як «філосаф сучаснасці», што кажаце?

КШ: Я лічу так: Радзіма – гэта людзі, аб’яднаныя адзінай культурай, мовай і тэрыторыяй. Кропка. Цяпер патлумачу…

«НН»: Я зразумеў вас. Але ж з культурай у нас праблемы. З адзінай мовай – таксама.

КШ: Што значыць адзіная мова? Гэта калі людзі адно аднаго разумеюць. Калі адзін размаўляе на беларускай, а іншы на рускай – кожны ж разумее, што кажа суразмоўца? Вось што галоўнае. І галоўнае — людзі. Вы ж настальгуеце не па бетонным шматпавярховіку, у якім жылі, а па людзях, якія жылі там разам з вамі – сябрам, бацькам… Таму Радзіма – гэта людзі. І патрыёт – гэта той, хто любіць сваіх людзей. Той, хто не падманвае іх, той, хто працуе дзеля іх.

«НН»: А яшчэ ёсць філасофскія напрацоўкі?

КШ: У мяне ёсць свая філасофія жыцця. Я зараз скажу, але адтуль нельга выкідваць нават слова.

«НН»: Добра, не буду.

КШ: Тады слухайце: «Мяне завуць Кірыл Шымко. Калі незнаёмец бачыць мяне ўпершыню, гледзячы на маю фактуру, ён можа падумаць «сіла ёсць – розум не патрэбен». Асноўная маса людзей мысліць стэрэатыпамі, якія фарміруюцца ў грамадстве з мэтай кіравання іх свядомасцю. Прыгажосць, мода, мастацва – гэта фарміраванне нашых густаў, пераваг і жаданняў. Хтосьці бачыў прыбор, які вымярае прыгажосць? Але менавіта гэтым займаюцца конкурсы прыгажосці, выдумваючы розныя стандарты. Вам непатрэбныя рэчы патрэбны? Але ж, калі ўсе вакол валодаюць імі, то і вы вымушаныя іх набываць. Квадрат Малевіча мастацтва? Тады адкажыце на пытанне, што не з’яўляецца мастацтвам? Можна доўга разважаць пра гэта, але сутнасць – чалавек мысліць стэрэатыпамі, не задумваючыся, што сам па сабе чалавек – унікальны. Не бывае двух аднолькавых людзей, і кожны чалавек – асоба, якую трэба фарміраваць з дзяцінства. Як кажа Біблія, «не ствары сабе куміра». Толькі разважаючы аб тым, хто я ў гэтым жыцці, чаго хачу, навошта і чаму, я шмат што зразумеў. Каб стаць паспяховым, трэба дарыць дабро, любіць людзей, быць асобай з харызмай і не баяцца рабіць так, як іншыя баяцца нават думаць. Мне вельмі падабаецца здзіўляць, не толькі сваімі шалёнымі ўчынкамі, ссоўваючы танкі, цягнікі і нават краны, але і сваімі поглядамі на жыццё. Ганаруся сябрамі. Люблю людзей. І вам таго ж я жадаю». Кропка.

«НН»: Гэта вашая жыццёвая пазіцыя?

КШ: Так, мой светапогляд.

«НН»: Але я вось толькі не зразумеў пра Малевіча – «Чорны квадрат» для вас мастацтва ўсё ж ці не?

КШ: Гэта геніяльны маркетынг. Малевіч — геніяльны бізнэсмен, ён змог пераканаць усіх, што карціна — шэдэўр. Гэта выдатна. Ён прыгажун. Але ж ці мастацтва гэта? Не. Мастацтва там няма.

«НН»: Зразумеў. А што будзеце рабіць потым, калі здароўе не дазволіць ставіць рэкорды?

КШ: Ну, рэкорды – гэта не мэта майго жыцця. Буду падтрымліваць форму, а астатняе… Планы ёсць, але давайце не будзем пра гэта. Бо, як кажуць: «хочаш рассмяшыць Бога – раскажы яму пра свае планы».

«НН»: Не думалі пайсці ў палітыку?

КШ: Думаў. Ёсць нават напрацоўкі. Але падрабязнасці пакуль не агучу.

«НН»: І кім вы сябе бачыце ў палітычным жыцці?

КШ: Я бачу сябе ў парламенце, у заканадаўчай уладзе. Але ж гэта ўсё будзе відаць пазней. Можа, мяне там і не захочуць бачыць.

 ***

38-гадовы Кірыла Шымко — беларускі асілак, аўтар некалькіх рэспубліканскіх рэкордаў (як самастойных, так і ў пары з сябрам-атлетам Паўлам Сарокам), а таксама рэкардсмен «кнігі Гінэса». Шымко ссоўваў з месца Боінг, самалёт Іл-76, танк Т-34, БелАЗ, вежавы кран.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?