Украінскі нардэп і ваеннаслужачая Надзея Саўчанка запоўніла разам са сваім абаронцам дакументы на экстрадыцыю.

Пра гэта паведаміў яе адвакат Марк Фейгін у пятніцу, перадае «Інтэрфакс-Украіна».

«Сёння з маім калегам Мікалаем Полазавым Надзея ў СІЗА запоўніла выдадзеныя ёй дакументы. Гэта сапраўдныя экстрадыцыйныя дакументы», — сказаў Фейгін.

Паводле яго словаў, Саўчанка запоўніла біяграфічную даведку, згоду на адбыванне пакарання ва Украіне, а таксама шэраг апытальнікаў.

Фейгін падкрэсліў, што пры запаўненні дакументаў на экстрадыцыю Саўчанка катэгарычна адмовілася ад прызнання сваёй віны.

«Тым не менш, яна згодная аплаціць штраф у 30 тысяч рублёў, прысуджаны ёй судом за нібыта незаконнае перасячэнне мяжы, але пры гэтым яна ўказала, што была незаконна вывезеная з тэрыторыі Украіны», — адзначыў абаронца.

Іншы адвакат Саўчанкі Мікалай Полазаў паведаміў, што з ёй абмяркоўвалі палажэнні канвенцыі аб выдачы.

«Усё, што патрабавалася ад Надзеі, яна выканала, цяпер тэрміны яе вызвалення залежаць цалкам ад хуткасці дзеянняў улады», — падкрэсліў Полазаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0