Мінабароны РФ для процідзеяння нарошчванню сіл НАТА каля межаў Расіі створыць дзве новыя дывізіі ў Заходняй ваеннай акрузе і адну — у Паўднёвай.

Пра гэта паведаміў кіраўнік ваеннага ведамства Сяргей Шайгу, перадае ТАСС.

«Міністэрствам абароны прымаецца шэраг мер з мэтай процідзеяння нарошчванню сіл НАТА ў непасрэднай блізкасці ад расійскіх межаў. Да канца года дзве новыя дывізіі будуць сфармаваныя ў Заходняй ваеннай акрузе, адна — у Паўднёвай ваеннай акрузе», — сказаў Шайгу на селектарнай нарадзе ў ведамстве.

Цяпер ужо вядзецца добраўпарадкаванне месцаў дыслакацыі новых злучэнняў, адзначыў міністр.

«Мною былі дадзеныя даручэнні ўжываць пры ўзвядзенні аб'ектаў самыя перадавыя будаўнічыя рашэнні. Гаворка ідзе пра блокава-модульныя канструкцыі. Тэхналогія паточнай вытворчасці і пастаўкі модуляў дазваляе ўзводзіць будынак на працягу трох — максімум чатырох тыдняў», — удакладніў міністр.

Па словах Шайгу, пры неабходнасці збудаванне можна аператыўна разабраць і перавезці на іншае месца. Такім жа аператыўным спосабам наладжваецца ўся сістэма забеспячэння, уключаючы кацельні.

Стварэнне трох новых дывізій на заходнім кірунку Шайгу анансаваў яшчэ ў студзені. Пазней стала вядома, што новае мотастралковае злучэнне з'явіцца пад Растовам-на-Доне, яшчэ два — у Смаленскай і Варонежскай абласцях.

Кожная з новых дывізій, як паведамлялася раней, будзе мець у сваім складзе прыкладна па 10 тысяч чалавек.

Раней міністр абароны ЗША Эш Картэр пацвердзіў, што НАТА абмяркоўвае магчымасць размясціць чатыры батальёны ва ўсходніх краінах альянсу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0