Тры чалавекі былі затрыманыя польскай паліцыяй па падазрэнні ў планаванні выбуху ў адным са сталічных паліцэйскіх участкаў. Пра гэта паведамілі на брыфінгу ў пракуратуры Варшавы прадстаўнікі праваахоўных органаў.
Па словах прэс-сакратара варшаўскай паліцыі Марыюша Мрозэка, «была атрыманая інфармацыя пра падрыхтоўку нападу на паліцэйскі ўчастак раёна Влохі ў Варшаве», пасля чаго за аб'ектам усталявалі дбайнае назіранне.
Ля ўчастка з'явіліся трое маладых людзей, двое з якіх паспрабавалі прымацаваць да паліцэйскіх аўтамабіляў нейкія пакункі. «Як аказалася, гэта самаробныя выбуховыя прылады, якія складаюцца з дзвюх бутэлек, выбухоўніка і механізму, які павінен быў дазволіць ім адысці на бяспечную адлегласць», — адзначыў Мрозэк.
Маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў спрабавалі ўцячы з месца злачынства, але ўсе трое былі затрыманыя. На месца інцыдэнту былі выкліканыя сапёры.
«Затрыманыя дапытаныя. Яны не прызналі сваю віну і адмовіліся даваць паказанні. Мы не ведаем іх матываў», — дадаў преcc-сакратар пракуратуры Міхал Дзеканьскі. «Ім выстаўленыя абвінавачанні ў нелегальным захоўванні выбуховых рэчываў і размяшчэнні іх на паліцэйскіх аўтамабілях, што пагражала выбухам», — сказаў ён.