Законапраект аб прадаўжэнні яшчэ на два гады Акта аб дэмакратыі ў Беларусі ўнесены на разгляд у Палату прадстаўнікоў Кангрэса ЗША. Аб гэтым паведамляе афіцыйны сайт Палаты прадстаўнікоў Кангрэса.

Акт аб дэмакратыі ў Беларусі быў прыняты Кангрэсам у 2004 годзе, у 2006‑м яго дзеянне было прадоўжана яшчэ на два гады.

Ініцыятарам новага прадаўжэння дзеяння Акта аб дэмакратыі выступіў яго аўтар кангрэсмен Крыс Сміт і яшчэ дзевяць членаў Палаты прадстаўнікоў.

У абноўленым дакуменце прыведзены даныя аб апошніх падзеях у Беларусі. У прыватнасці, зазначана, што ў 2008 годзе «ўрад Беларусі вызваліў некалькі палітычных зняволеных», але экс‑кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін «усё яшчэ застаецца ў турме». Апрача таго, у дакуменце гаворыцца аб тым, што Дзярждэпартамент ЗША і Міністэрства фінансаў «змаглі эфектыўна выкарыстаць Акт аб дэмакратыі для прасоўвання заяўленых у ім мэтаў».

У дакуменце таксама падкрэсліваецца, што палітыка ЗША ў дачыненні да Беларусі можа быць зменена, як толькі беларускі ўрад «прадэманструе прагрэс» у пытанні выканання дэмакратычных норм і стандартаў.

Апрача падтрымкі беларускіх праваабаронцаў, незалежных СМІ, прафсаюзаў, маладзёжных рухаў, дэмакратычных палітычных партый, асобным параграфам у абноўленым дакуменце згадваецца падтрымка незалежнага радыё‑ і тэлевяшчання на Беларусь. У прыватнасці, гаворыцца аб падтрымцы «Радыё свабодная Еўропа/Радыё Свабода», радыёстанцый «Голас Амерыкі» і «Еўрапейскае радыё для Беларусі», а таксама спадарожнікавага тэлеканала «Белсат».

Нагадаем, што Акт аб дэмакратыі ў Беларусі — 2006 прадугледжваў візавыя і эканамічныя санкцыі супраць урада Аляксандра Лукашэнкі за парушэнні ў галіне дэмакратыі. Ён таксама прадугледжваў выдзяленне ўрадам ЗША на працягу двух гадоў 55 млн. долараў на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. З іх 40 млн. прызначалася на развіццё грамадзянскіх інстытутаў і 15 млн. — на развіццё незалежнага тэле‑ і радыёвяшчання Беларусі.

Тацяна Каравянкова, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0