На Дзень беларускага пісьменства, які пройдзе 4 верасня ў Рагачове (Гомельская вобласць), упершыню за ўсю гісторыю гэтага свята прыедзе вялікая дэлегацыя беларусаў замежжа, якія жывуць у 19 краінах, паведаміў на прэс-канферэнцыі 31 жніўня ў Мінску першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі.

Чыноўнік расказаў, што да Дня беларускага пісьменства ў цэлым прымеркавана каля 100 мерапрыемстваў, якія пройдуць у Рагачове і іншых гарадах Беларусі.

Так, 2 верасня ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя Леніна пры ўдзеле беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх пісьменнікаў адкрыецца выстава, прысвечаная жыццю і творчасці драматурга і сцэнарыста, народнага пісьменніка БССР Андрэя Макаёнка. У той жа дзень у Гомелі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё X Міжнароднага фестывалю «Славянскія літаратурныя дажынкі», а таксама пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў абласнога літаратурнага конкурсу «Праваслаўе — мая надзея».

Раніцай 3 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску адбудзецца дзясяты міжнародны круглы стол «Сугучча. Слова Скарыны ў сучасным свеце».

У Рагачове ў гэты дзень пачне працу Фестываль кнігі і прэсы, пройдуць літаратурныя чытанні, адкрыюцца шматлікія мастацкія і літаратурныя выставы, у тым ліку прысвечаныя 75-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, 95-годдзя з дня нараджэння Івана Мележа, 120-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

Апоўдні асноўнага дня, 4 верасня, на цэнтральнай плошчы Рагачова адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства, на якой гасцям свята пакажуць мастацка-тэатралізаваную пастаноўку «Беларусь — спрадвечная песня». Пасля гэтага на галоўнай сцэне будуць абвешчаны імёны лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

На працягу ўсяго дня госці свята змогуць наведаць шматлікія выставы, літаратурныя чытанні і сустрэчы з пісьменнікамі.

Дзень беларускага пісьменства ў Рагачове завершыцца цырымоніяй перадачы эстафеты правядзення свята Полацку, канцэртам, прысвечаным Уладзіміру Мулявіну, і феерверкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?