Дзве першакласніцы, Таццяна Турандзіна і Эвеліна Самойленка, 1 верасня сталі вучаніцамі другога ў Магілёве беларускамоўнага класа, які адкрыўся ў СШ № 34.

«Яны мне вельмі спадабаліся, і я думаю, мне з імі будзе вельмі цікава і лёгка працаваць. Абавязкова навучу іх размаўляць на нашай роднай мове», — заявіла пасля першага ўрока настаўніца дзяўчынак Лідзія Ціханоўская.

Падчас першага ўрока 1-га «г» класа, дзе было дазволена прысутнічаць журналістам, Ціханоўская расказала сваім вучаніцам пра Беларусь, яе сімволіку і прэзідэнта. Тэмай урока стаў заклік «Наш запавет — гэты свет берагчы».

Як адзначыла настаўніца, найбольшую дапамогу ў адкрыцці беларускага класа аказалі дырэктар школы Ігар Якіменка і старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі «Таварыства беларускай мовы» Алег Дзячкоў.

Гэты клас створаны намаганнямі ўладаў і грамадскасці, заявіў Дзячкоў, падкрэсліўшы, што лакаматывам і рухавіком ажыццяўлення ініцыятывы сталі шмат у чым бацькі, а менавіта Галіна Турандзіна і Дзмітрый Салаўёў — бацька адзінай да ўчарашняга дня магілёўскай вучаніцы, якая атрымлівае адукацыю на беларускай мове, Ялінкі Салаўёвай. У гэтым годзе яна пайшла ў сёмы клас СШ № 1, праўда, зноў без аднакласнікаў.

«З аднаго боку, сумна, што ў нас такая сітуацыя, што даводзіцца беларусаў у Беларусі агітаваць вучыцца на беларускай мове. Але я бачу пэўныя пазітыўныя зрухі з боку ўладаў. Калі гадоў 10 таму ўздымалі гэта пытанне, то вельмі негатыўна яго ўспрымалі на ўсіх узроўнях, а цяпер не перашкаджаюць, у чымсьці дапамагаюць», — сказаў грамадскі актывіст. Ён выказаў надзею, што ў Магілёве стане традыцыяй адкрыццё кожны навучальны год новага беларускага класа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?