Суддзя ў Рыме Паола дзі Нікола ўнесла нечаканы дадатак да прысуду 35-гадовага асуджанага за педафілію: паводле вердыкта, мужчына, якому прыйдзецца правесці за кратамі два гады, павінен будзе купіць сваёй ахвяры, 15-гадовай прастытутцы, 30 кніг феміністычнай прозы і паэзіі і два фільмы на тую ж тэматыку.
Паэтка Эмілі Дзікінсан — культавая аўтарка першай хвалі фемінізму. Фота з сайта huffingtonpost.it
Дзі Нікола назвала прысуджанаму аўтараў і канкрэтныя творы, якія ён павінен набыць і перадаць сваёй ахвяры: у іх ліку «Дзённік Ганны Франк» і паэзія Эмілі Дзікінсан.
Як заўважыла суддзя, гэтыя кнігі дапамогуць дзяўчыне зразумець, якая шкода была нанесеная яе жаночай годнасці.
Пры гэтым адна з пісьменніц, чыя кніга трапіла ў спіс дзі Ніколы, сказала ў гутарцы з газетай Corriere della Sera, што было б лепш даць пачытаць гэтыя кнігі самому асуджанаму.
«Падлеткавы ўзрост — не лепшая пара для разважанняў. А вось тое, што зрабіў гэты мужчына, куды горш: дарослы свядома заплаціў за сэкс з непаўналетняй», — патлумачыла сваю пазіцыю прафесарка філасофіі Веронскага ўніверсітэта Адрыяна Каварэра, якая напісала эсэ «Нягледзячы на Платона» пра мысліцелек Антычнасці. Кніга ўваходзіць у падборку рымскай суддзі.
Паліцыя тры гады расследавала справу аб сетцы педафілаў, якія уступалі ў сэксуальныя кантакты з 14-15-гадовымі дзяўчатамі ў фешэнэбельным прыгарадзе Рыма Парыёлі. Арганізатар сеткі атрымаў дзевяць гадоў турмы.
Паводле дадзеных італьянскай пракуратуры, непаўналетнім дзяўчынкам прапаноўвалася шчодрая аплата за сэкс-паслугі, якую, як высветліла следства, яны выдаткоўвалі на модную вопратку і найноўшыя смартфоны.