На захадзе Швецыі мужчына ў масцы клоўна ударыў нажом 19-гадовага юнака. Пацярпелы атрымаў нязначнае раненне ў плячо, паліцыя шукае «клоўна».
Getty
«Мы не ведаем, з чым гэта звязана. Гэта было не рабаванне, і мы не ведаем, ці былі яны ў сварцы», — заявіла прадстаўнік шведскай паліцыі Ула Брэм мясцовай прэсе.
Як паведамляецца, «клоўн» напаў на юнака, калі той стаяў каля дома і курыў.
Раней пра напады мужчын у касцюмах клоўнаў на мінакоў паведамлялі брытанская і амерыканская паліцыя.
У Брытаніі за мінулыя выходныя адбылося больш за 10 падобных выпадкаў. Так, мужчына, пераапрануты ў клоўна, з бейсбольнай бітай ў руцэ пераследваў 10-гадовае дзіця, а ў ходзе яшчэ аднаго падобнага здарэння «клоўн» гнаўся за дзіцем з пластыкавым мачэтэ у руках.
«Клоўнскае шаленства», як называюць гэтую з'яву, асабліва абвастрылася напярэдадні Хэлоўіна.
Шмат падобных выпадкаў адбылося і ў Швецыі, але выпадак у пятніцу адрозніваецца ад іх тым, што «клоўн» не проста паспрабаваў напалохаць, а здзейсніў узброены напад.
Міністр унутраных спраў Швецыі Агнес Ігерман заклікала жыхароў краіны не паддавацца паніцы. «Мы не хочам, каб хтосьці, хто, магчыма, жартам надзеў маску клоўна, рэальна пацярпеў», — заявіла яна.