У аўторак, 22 лістапада, у Турцыі ўказам прэзідэнта Рэджэпа Таіп Эрдагана былі звольненыя больш за 15 700 дзяржаўных чыноўнікаў. Сярод іх прыкладна 7500 супрацоўнікаў і кіраўнікоў паліцыі, 2500 салдат і супрацоўнікаў ВПС, ВМС і жандармерыі Турцыі, 5000 работнікаў міністэрстваў і дзяржустаноў, з якіх 3000 служылі ў МУС. Акрамя таго, звольненыя каля 1000 супрацоўнікаў ВНУ і настаўнікаў. Усіх іх падазраюць у сувязях з тэрарыстычнымі арганізацыямі. Іх імёны апублікаваныя ў інтэрнэце.

Акрамя гэтага, былі закрытыя 375 няўрадавых аб'яднанняў, 19 медыцынскіх цэнтраў, 18 фондаў, 9 рэгіянальных СМІ, сярод якіх сем газет, адзін часопіс і адна радыёстанцыя.

Няўрадавыя арганізацыі займаліся, сярод іншага, праваабарончай дзейнасцю, барацьбой супраць катаванняў, юрыдычнай падтрымкай жанчын, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту, аказаннем дапамогі бежанцам на тэрыторыі Турцыі і абаронай правоў дзяцей.

«Закрыццё каля 400 няўрадавых арганізацый — гэта частка пастаянных і сістэматычных спробаў турэцкіх уладаў назаўжды прымусіць замаўчаць усе галасы, якія іх крытыкуюць», — сказаў дырэктар еўрапейскага аддзялення міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International Джон Далхусэн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0