Маці Паўла Шарамета спадарыня Людміла першай узяла слова. Яна прыгадала, як ганарылася і цешылася сваім сынам:

«Я глядзела яго, слухала штодзень, штораніцы, і думала: які прыгожы, спелы і які малады чалавек… Як цікава ён працуе, якія магчымасці ў яго наперадзе. Нехта падумаў гэтак жа. Ды напалохаўся. Яго не стала.

Як маці хачу пажадаць: беражыце сваё жыццё. Нягледзячы ні на што ён з намі, ён тут.

Калі б ён быў з намі, мы б смяяліся і рагаталі. Я прашу вас, давайце мы гэтак жа светла адзначым яго юбілей».

Спадарыню Людмілу госці вечара віталі воплескамі.

«Павел паспеў папрацаваць у Беларусі, Расіі, ва Украіне. І паўсюль здабываў поспех, а што яшчэ больш значна — аўтарытэт і павагу ад калегаў. Ён быў адкрыты і энергічны чалавек. Як можна было так шмат зрабіць за 45 гадоў? Гэта цяжка зразумець, асэнсаваць. Але ён зрабіў, і ўсё гэта застаецца з намі. А значыць, і Павел застаецца з намі», — сказаў у сваёй кароткай прамове старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

«Менш за ўсё я калі-небудзь думала, што буду выступаць на вечары памяці Паўла. Мяне заўжды здзіўляла ўменне Паўла хутка перастройвацца, быць у любой сітуацыі аптымістам. Тэлебачанне — такі «наркотык», ад якога цяжка адмовіцца. На той момант ён быў яркай зоркай тэлевізійнай беларускай журналістыкі.

У крамах прадавачкі бралі аўтографы ў яго. І ён у адзін момант з тэлевізійнага журналіста стаў газетным. І вельмі добрым, хоць у тэорыі, кажуць, так не бывае, што гэта розныя віды прафесіі.

Пасля зноў пакінуў газету, сышоў на тэлебачанне, на сайт, у выдавецкую дзейнасць, у выкладанне. Гэта пацверджанне таго, што калі чалавек разумее, для чаго ён у прафесіі, ён заўжды знойдзе магчымасць сябе рэалізаваць, — сказала Святлана Калінкіна. — У яго была тысячапрацэнтная прафпрыдатнасць да журналістыкі. Прафпрыдатнасць — гэта цікавасць да людзей. Не да сябе, а менавіта да людзей. Ён ішоў плаціціь за бензін на запраўцы і тут жа вяртаўся з гісторыяй ад касіра запраўкі.

Ён шмат чаго не распавядаў у інтэрв'ю. А цяпер гэта можна казаць. Павал дапамагаў дзіцячым дамам, прывозіў туды лекі, адзенне. Перавёз тоны апазіцыйнай літаратуры, кніг, якія забароненыя тут. Дапамагаў беларускім журналістам у Маскве, ва Украіне.

У яго было такое насычанае жыццё, што некаторыя і за сто год столькі не пражывуць.

Усё, што адбылося, — доказ таго, што мы нечага не разумеем у светабудове. Так не павінна быць. Людзі, яркія, адкрытыя, не павінны так рана сыходзіць. І ўсё адно я ўдзячная Паўлу, што ён сваёй прысутнасцю столькім людзям асвяціў жыццёвы шлях».

«Пасля выбараў (1994 года) Паўла планавалі зрабіць тэлевізійным тварам улады. Група Паўла паехала ў Будапешт на саміт АБСЕ, дзе былі Клінтан, Коль, Мітэран, Ельцын. Паслалі групу не афіцыйнай агенцыі, а групу маленькай прыватнай тэлекампаніі (на пачатку 1990-х Павел Шарамет быў аўтарам і вядучым тэлепраграмы «Праспект», якую рабіла тэлекампанія ФіТ). Гэта быў недвухсэнсоўны намёк Паўлу. Але ён зрабіў выбар на карысць журналістыкі, а не прапаганды», — зазначыў рэжысёр Леанід Міндлін.

«Павел быў чалавекам, які свята верыў, што праўда можа змяніць свет. Нам таксама як ніколі патрэбная праўда. Пра тых замоўцаў, аўтараў выканнання гэтага нахабнага пакарання. Не толькі для Паўла, але і ўсёй журналістыкі. Калі мы любім Паўла, пошук гэтай праўды павінен быць справай гонару кожнага з нас», — сказала Жанна Літвіна, экс-старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Таксама падчас вечару памяці Паўла Шарамета прагучалі словы яго ўкраінскіх калег. Павел апошнія гады жыў і працаваў у Кіеве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?