У адказе за подпісам намесніка міністра культуры Алеся Яцко гаворыцца, што «ў прадстаўленай у Міністэрства культуры прапанове не ўтрымліваецца дакументальнага яе абгрунтавання і поўнай, дакладнай і якаснай фіксацыі графічнымі сродкамі элемента, якому прапануецца надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Прыведзеныя асобныя факты не падмацаваныя дакументальнымі крыніцамі, што не дазваляе прыняць іх у якасці абгрунтавання неабходнасці надання статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці прапанаванаму элементу».
У лісце таксама адзначаецца, што прапанову накіравалі ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, якой для падрыхтоўкі яе навуковага абгрунтавання «неабходна правесці грунтоўнае навуковае даследаванне з мэтай выяўлення арыгінальных архіўных дакументаў і матэрыялаў, што патрабуе працяглай працы вучоных і адпаведных фінансавых выдаткаў. Па звестках прадстаўнікоў акадэміі выкананне гэтай работы будзе ажыццяўляцца з улікам выдаткавання сродкаў на навуковыя даследаванні ў новым фінансавым годзе».
«Выходзіць, што я павінен падняць з архіваў дакументальную фіксацыю сцяга, які з 1991 па 1995 год быў дзяржаўным? Ці гэта павінен зрабіць Мінкульт?» — абураецца Дашкевіч. — І цікава, ім самім не смешна? Для таго, каб знайсці фота Лукашэнкі, дзе ён прысягаў пад бел-чырвона-белым сцягам, акадэмікам трэба правесці «грунтоўнае навуковае даследаванне»».
Аднак актывіст бачыць і станоўчы момант, усё ж даследаванне плануюць правесці.