Прэс-служба Міністэрства аховы здароўя 27 снежня апублікавала на афіцыйным сайце міністэрства рэліз, у якім паведаміла, што праект дакумента датэрмінова зняты з абмеркавання і адпраўлены на дапрацоўку, і падзякавала ўсім удзельнікам грамадскай дыскусіі за праяўленую цікавасць. Першапачаткова планавалася, што абмеркаванне дакумента будзе доўжыцца да 29 снежня.

«Прапановы і заўвагі, якія паступілі ў Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, прынятыя пад увагу, — гаворыцца ў паведамленні. — Грамадскае абмеркаванне па праекце пастановы «Аб зацвярджэнні норм медыцынскай этыкі і дэанталогіі» спыненае ў сувязі з яго дапрацоўкай. Пра паўторнае грамадскае абмеркаванне будзе паведамлена дадаткова».

Міністэрства аховы здароўя апублікавала праект нормаў медыцынскай этыкі на сваім сайце ў канцы лістапада. У гэтым дакуменце вызначаліся патрабаванні да знешняга выгляду і манеры зносін медработнікаў і фармацэўтаў з пацыентамі.

Адзін з пунктаў дакумента, які абвяшчаў, што медработнікамі «не дапускаецца відавочная дэманстрацыя сваёй рэлігійнай прыналежнасці, адкрытае нашэнне рэлігійных знакаў і сімвалаў», выклікаў рэзкую крытыку з боку рэлігійнай супольнасці.

У прыватнасці, кіраўнік Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на прэс-канферэнцыі 22 снежня ў Мінску назваў забарону на адкрытую дэманстрацыю рэлігійных знакаў і сімвалаў медработнікамі дыскрымінацыяй вернікаў.

«Гэта значыць, можна насіць значок прыналежнасці да партыі і грамадскай арганізацыі, а рэлігійны знак — не, — абурыўся каталіцкі іерарх. — У нас рэкламуюць піва, працуюць казіно, а вы ведаеце, куды прыводзяць усе гэтыя аднарукія бандыты, а рэлігійны знак, значыць, насіць нельга!.. Гэта не што іншае як дыскрымінацыя вернікаў. Спадзяюся, гэтыя нормы будуць змененыя».

Акрамя таго, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, 24 снежня накіраваў міністру аховы здароўя Васілю Жарко ліст, у якім паведаміў, што той жа пункт аб адкрытай дэманстрацыі рэлігійных сімвалаў медработнікамі «выклікаў рэзананс і бурную дыскусію сярод духавенства і вернікаў Беларускай праваслаўнай царквы».

Праваслаўны іерарх паведаміў чыноўніку, што на пасяджэнні 13 снежня члены сінода БПЦ аднагалосна выказаліся за тое, што неабходна дабіцца выключэння гэтай нормы з праекта дакумента.

«Мы згодныя з тым, што медыцынскія работнікі павінны прытрымлівацца межаў разумнага ў выкарыстанні імі рэлігійнай сімволікі, каб не выклікаць у сваіх калегаў або пацыентаў адчування навязвання ім тых ці іншых рэлігійных поглядаў, — адзначыў ён. — Аднак мы лічым, што абмеркаванне нароўні са знешнім абліччам лекара прыкмет яго рэлігійнай прыналежнасці можа прывесці да неразумення і злоўжыванняў на месцах».

«Улічваючы тую акалічнасць, што большасць жыхароў Беларусі з'яўляюцца праваслаўнымі па веравызнанні, а нашэнне нацельных крыжыкаў і зварот да Бога перад абразамі з'яўляецца натуральным і неад'емным складнікам жыцця і побыту беларускага народа, згаданы пункт праекта можа справакаваць пратэсты вернікаў, як паслядоўнікаў праваслаўнай веры, так і іншых хрысціянскіх канфесій. Гэта таксама можа паслужыць з'яўленню ў нашым грамадстве непрадказальных супярэчнасцяў на рэлігійнай глебе», — падкрэсліў мітрапаліт Павел.

Кіраўнік БПЦ: Забарона медыкам насіць крыжыкі можа справакаваць пратэсты вернікаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0