Google падае ў суд на кампанію Uber за тое, што тая нібыта скрала тэхналогіі для вытворчасці беспілотных аўтамабіляў. Інтэрнэт-гігант, які займаецца праектаваннем беспілотнага аўтамабіля з 2009 года, сцвярджае, што Uber скраў вытворчыя сакрэты і незаконна іх выкарыстоўвае. Калі суд пацвердзіць абвінавачванне, то Uber пагражае забарона на тэставанне сваіх беспілотных аўтамабіляў, якое зараз адбываецца ў штаце Арызона.

Беспілотныя аўтамабілі Uber створаны пры ўдзеле стартапа Otto, які быў заснаваны ў студзені 2016 года, і ўжо праз 6 месяцаў набыты кампаніяй Uber за 680 мільёнаў даляраў. У сваю чаргу Otto быў заснаваны былымі супрацоўнікамі Google. Як сцвярджаецца, яны і скралі беспілотныя тэхналогіі ў свайго былога працадаўцы.

Google абвінавачвае свайго былога работніка Энтані Левандоўскага, які нібыта скраў дакументацыю па беспілотных аўтамабілях да свайго сыходу і выкарыстаў яе ў працы на Uber.

«За 6 тыдняў да свайго звальнення Энтані Левандоўскі запампаваў 14 тысяч файлаў з канфідэнцыйнай і запатэнтаванай інфармацыяй. Гэта 9,7 гігабайтаў інфармацыі, у тым ліку чарцяжы, дызайн і тэставую дакументацыю», — паведамляе Google.

І Uber, і Google выкарыстоўваюць на сваіх машынах радарную тэхналогію LiDAR (атрыманне і апрацоўка інфармацыі аб аддаленых аб'ектах з дапамогай актыўных аптычных сістэм). Эксперты сцвярджаюць, што дызайн і канструкцыя LiDAR ад Uber вельмі нагадвае LiDAR ад Google.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?