Фізічныя асобы могуць прадаваць свае асабістыя рэчы праз сацыяльныя сеткі, паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Ірына Барышнікава.

«Сітуацыя з продажам тавараў праз сацыяльныя сеткі няпростая, і мы надаём ёй вельмі шмат увагі. Пры гэтым трэба адзначыць, што асабістыя рэчы праз сацсеткі фізічныя асобы могуць прадаваць», — сказала Ірына Барышнікава. Пры гэтым калі прадавец тавару не з'яўляецца ІП або юрыдычнай асобай, то прымяніць да яго адміністрацыйныя меры пакарання, каб абараніць спажыўца, нельга.

Начальнік упраўлення абароны праў спажыўцоў і кантролю за рэкламай падкрэсліла, што дапамагчы спажыўцу, які набыў тавар, працу ці паслугу праз сацыяльныя сеткі, вельмі складана. «Нават выявіць асобу, якая прадала тавар, часта не ўяўляецца магчымым, таму што ўладальнікі сацыяльных сетак такую інфармацыю не падаюць. Таму мы заўсёды папярэджваем грамадзян, што на дзяржаўных рэсурсах вядуцца разнастайныя рэестры. Перш чым заключыць угоду, спажывец павінен праверыць, ці ёсць такая інтэрнэт-крама ў рэестры. Калі ёсць, значыць, можна купляць тавар, няма — не варта звязвацца», — патлумачыла яна. Ёсць аналагічныя рэестры і па бытавых паслугах.

Ірына Барышнікава звярнула ўвагу, што перш чым замаўляць якую-небудзь бытавую паслугу праз сацсеткі, спажывец павінен знайсці ўсю магчымую інфармацыю аб выканаўцы. «Балазе, лічбавыя тэхналогіі цяпер дазваляюць нам знайсці рознага роду інфармацыю», — канстатавала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0