15 сакавіка судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомля Сяргей Кармановіч разгледзеў тры адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненьні да грамадзкага актывіста, былога афіцэра міліцыі: адзін — за ўдзел 19 лютага ў Гомлі ў несанкцыянаваным «маршы недармаедаў», і два, складзеныя сёньня — за хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі.

У выніку Няпомняшчых пакараны 3 суткамі арышту і штрафам у памеры 25 базавых велічыняў (575 рублёў).

Віны сваёй падсудны не прызнаў, заявіўшы, што паводле Канстытуцыі мае права на мірныя сходы.

Сёньня раніцай Уладзімер кіраваўся на вакзал, каб ехаць у Менск на акцыю пратэсту. Па дарозе невядомыя зьбілі яго з прымяненьнем пярцовага газу, пасьля ён быў абвінавачаны ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыі. Гэтыя падзеі Ўладзімер Няпомняшчых лічыць наўмыснай правакацыяй, якую ўчынілі, каб сарваць ягоную паездку ў сталіцу.

Сьведчаньні супрацоўнікаў АМАПу Курбачова і Кучарава, якія заяўлялі пра хуліганства і непадпарадкаваньне, ён назваў «грубым агаворам і суцэльным падманам».

«Я закрычаў толькі, калі мяне павалілі: «Ратуйце, мяне забіваюць!». Або мне трэба было моўчкі цярпець і паміраць?» — сказаў у судзе абвінавачаны ў хуліганстве грамадзкі актывіст.

На пытаньне Няпомняшчых да камандзіра аддзяленьня АМАПу Аляксандра Кучарава, чаму ён з Курбачовым не затрымаў нападнікаў, той адказаў: «А мы іх ня бачылі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?