Малады глускі настаўнік мяркуе, што яму пачалі помсціць міліцыянты — нібыта нават спрабавалі падкінуць алкаголь, каб абвінаваціць у распіцці на працоўным месцы.

Уладзімір Бабак.

Уладзімір Бабак.

Уладзімір Бабак вядзе заняткі ў Глуску па прыкладным мастацтве для дзяцей. На гэтую працу ён патрапіў па размеркаванні пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў.

Улетку падчас адпачынку настаўнік займаўся зборам ягад і грыбоў для Глускага раённага спажывецкага таварыства, а таксама быў сведкам па нарыхтоўцы (чалавек, адказны за зверку дадзеных па здачах і выплатах).

У лютым, праглядаючы дакументы па нарыхтоўцы за мінулы год, Бабак заўважыў наўмысныя завышэнні і заніжэнні ў дадзеных. А таксама тое, што з усіх папераў толькі на трох стаіць яго сапраўдны подпіс, а на астатніх подпіс падроблены.

Пра сваю «знаходку» настаўнік паведаміў у УБЭЗ. Следчы Мукасей парушэнняў не выявіў, а вось Бабак патрапіў у няласку.

Інцыдэнт адбыўся 31 мая падчас заняткаў для дашкольнікаў. Прыйшло ўсяго двое дзетак, бо навучальны год фактычна скончыўся. Гэтая група збіраецца па вечарах у памяшканні бібліятэкі Глускага каледжа мастацтваў.

«Каля паловы на сёмую да мяне ў кабінет уварваўся былы галоўны ўчастковы Глуска Ягор Руднік, які займаецца барацьбой з наркотыкамі. Ён быў у цывільным і трымаў пустую бутэльку піва ў руцэ, якую паставіў на мой стол. Дзеці былі ў шоку, а я спытаў, што ён робіць. Замест адказа Руднік закрычаў: «Ты п’еш! Што ты сабе дазваляеш?!» Пасля чаго міліцыянт паспрабаваў выцягнуць мяне з-за стала. Дзеці перапужаліся і выскачылі без абутку на вуліцу», — расказвае настаўнік.

Бабак паспрабаваў паклікаць на дапамогу, але Руднік не даваў выйсці з кабінета і намагаўся заламаць настаўніку рукі. На крыкі прыбеглі некалькі супрацоўнікаў бібліятэкі, якія зрабілі невялікае відэа інцыдэнту. Неўзабаве затрымліваць настаўніка прыйшоў другі супрацоўнік. Бабак сцвярджае, што яго штурхалі па памяшканні, выкручвалі рукі і ставілі да сцяны.

У выніку Уладзіміра Бабак завезлі ў бальніцу, каб праверыць на наяўнасць алкаголю ў крыві. Працэдура паказала «0». Пасля чаго настаўніка яшчэ завезлі ў мясцовы РУУС, а потым вызвалілі.

«На развітанне Руднік з калегамі сказалі, што мне ў Глуску жыцця не будзе. Маўляў, колькі б я ні скардзіўся, нават калі звярнуся ў Магілёў, там прымуць правільнае рашэнне, а ў Мінск разбірацца з такой справай не будуць. Выглядае, што гэтыя памылкі і подпісы ў дакументах не выпадковыя, у горадзе дзейнічаюць махляры, якія абараняюць адзін аднаго. Але я буду скардзіцца далей і пастараюся дабіцца справядлівасці. Адно, трошкі страшна, што можа здарыцца наступным разам. Руднік працуе ва ўстанове, якая займаецца наркотыкамі. Страшна, што могуць нешта падкінуць, як гэтую бутэльку піва, і нічога не дакажаш потым», — падсумаваў выпадак Уладзімір Бабак.

Відэа затрымання Бабак выклаў у сеціва на ўласную старонку ў «Аднакласнікі». Пад допісам Руднік пакінуў каментар, што ў горадзе ўсё вырашае ён. Пакуль настаўнік збіраецца накіраваць скаргі ў Следчы камітэт і пракуратуру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?