Суддзю Краснадарскага краявога суда (Расія) Алену Хахалеву западозрылі ў буйных тратах на вяселле яе дачкі, дзе выступалі зоркі расійскай эстрады. Пра гэта ў сваім інстаграме паведаміў адвакат Сяргей Жорын.
Адвакат апублікаваў відэазапіс з вяселля, на якім выступалі спевакі Мікалай Баскаў і Валерый Меладзэ.
«Гэта відэа мне даслаў чалавек, які прысутнічаў на гэтым мерапрыемстве. Паводле папярэдніх ацэнак, кошт гэтага мерапрыемства ацэньваецца прыкладна ў два мільёны даляраў. Там былая нейкая колькасць зорак эстрады першай велічыні, гэта адбывалася ў топавай установе Краснадарскага краю, таксама былі дарагія падарункі», — распавёў Жорын тэлеканалу Дождь.
Вядома, што на вяселлі выступілі зоркі расійскай эстрады, сярод якіх - Кабзон, Мікалай Баскаў і Валерый Меладзэ. Па словах вядучага Андрэя Караулава артысты за выступы атрымалі каля 400 тысяч еўра. Паводле яго звестак, адным з падарункаў для маладых была машына Bentley.
Намеснік старшыні савета суддзяў Краснадарскага краю Уладзімір Кісляк заявіў «Коммерсанту», што афіцыйнага звароту з нагоды выдаткаў суддзі не паступала, а публікацыі ў сацсетках не з'яўляюцца падставай для правядзення праверкі.
Паводле дадзеных, апублікаваных на сайце Краснадарскага краявога суда, Алена Хахалева ў 2016 годзе зарабіла 2,6 мільёна расійскіх рублёў (43,5 тыс. даляраў). У яе ўласнасці - дом плошчай 66,7 квадратных метра і два зямельныя ўчасткі.