Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь з 7 жніўня 2017 года выпускае ў абарачэнне памятныя манеты «Шлях Скарыны. Вільня» серыі «Шлях Скарыны», паведамляе прэс-служба ўстановы.

— Срэбную — намiналам 20 рублёў, вагой 33,62 г, дыяметрам 50,00 мм, пробай сплаву 925, тыражом 2 000 штук;

Медна-нікелевую — наміналам 1 рубель, вагой 19,50 г, дыяметрам 37,00 мм, тыражом 3 000 штук.

Манеты маюць форму кола, з пярэдняга і адваротнага бакоў — кант, які выступае па акружнасці. Бакавая паверхня манет з насечкай.

На аверсе: уверсе — рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, пад ім надпіс: РЭСПУБЛIКА БЕЛАРУСЬ; у цэнтры — цытата з пасляслоўя да «Часаслоўца» з «Малой падарожнай кніжкі», выдадзенай Ф. Скарынам (для срэбнай манеты цытата выканана з выкарыстаннем тэхналогіі тэмпапячаць), пад ёй — дэкаратыўны элемент з «Малой падарожнай кніжкі»; злева і справа — фрагменты ілюстрацый з «Малой падарожнай кніжкі», у поле якіх упісаны: злева — год чаканкі, справа — проба сплаву (на срэбнай); унізе — намінал: 20 РУБЛЁЎ (на срэбнай) і 1 РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай).

На рэверсе: у цэнтры — выява ліку Божай Маці з немаўлём з «Малой падарожнай кніжкі» на фоне віду горада Вільні са старадаўняй гравюры XVI стагоддзя з атласа Г. Браўна; злева і справа — фрагменты дэкаратыўных элементаў з «Малой падарожнай кніжкі»; унізе — надпіс «Вільня»; уверсе — надпіс па крузе «ШЛЯХ СКАРЫНЫ».

Манеты адчаканены ў ЗАТ «Літоўскі манетны двор». Срэбныя і медна-нікелевыя манеты выраблены якасцю «анцыркулейтэд» з аксідаваннем.

Выпушчаныя ў абарачэнне манеты з'яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь і абавязковыя да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў, падкрэсліваецца ў паведамленні Нацбанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0