Аляксандр Лукашэнка ў апошні дзень лета зрабіў адно важнае кадравае прызначэнне. З’явіўся камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі СПА.

Ім стаў 49-гадовы Ігар Голуб, які да апошняга часу з’яўляўся намеснікам камандуючага ВПС і войскаў СПА. Пасада была вакантнай пасля таго, як Алег Двігалёў пайшоў на павышэнне і быў прызначаны кіраўніком вайскова-прамысловага камітэта.

Ігар Голуб нарадзіўся ў Чарнігаве (Украіна). Там жа скончыў вышэйшае вайсковае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў.

Сваю вайсковую кар’еру пачынаў у беларускім Шчучыне, у складзе 979-га знішчальнага авіяцыйнага палка, пасля быў у Паставах у 378-м асобным штурмавым авіяцыйным палку. Быў камандуючым у 206-й знішчальнай авіяцыйнай дывізіі ў Лідзе.

Адметна, што Ігар Голуб з тых сілавікоў, хто не атрымліваў адукацыі ў Расіі. У 2005 ён скончыў Вайсковую акадэмію Беларусі, а ў 2011 падмацаваў адукацыю, скончыўшы факультэт Генштаба Вайсковай акадэміі.

Ігар Голуб мае званне генерал-маёра.

Андрэй Гурцэвіч, які да апошняга часу быў начальнікам факультэта Генеральнага штаба, стаў намеснікам у Ігара Голуба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?