Хілары Клінтан у нядзельным тэлеінтэрв'ю, прымеркаваным да выхаду яе мемуараў пра леташнюю прэзідэнцкую кампанію, выказала свае погляды на прычыны перамогі Дональда Трампа. Кніга называецца «What Happened?» («Што здарылася?»).

Ён па-майстэрску праэксплуатаваў незадаволенасць мільёнаў людзей поспехамі, якіх дамагліся меншасці, адзначыла Клінтан. А на ўдакладняльнае пытанне адказала, што мае на ўвазе мільёны белых амерыканцаў.

Па словах Клінтан, Трамп робіць з маргінальных чалавеканенавісніцкіх груп частку палітычнага мэйнстрыму і спрыяе захопу ўлады ў Рэспубліканскай партыі радыкаламі.

Клінтан прызналася, што прысутнічала на цырымоніі інаўгурацыі Трампа толькі з павагі да традыцыі і ахарактарызавала інаўгурацыйную прамову новага прэзідэнта як заклік да белых расістаў.

Кандыдат Дэмакратычнай партыі на выбарах 2016 года, Клінтан заявіла, што не мае намеру зноў балатавацца ў прэзідэнты, але гэта не значыць, што яна сыходзіць з палітыкі, бо сёння, па яе словах, «на карту ў літаральным сэнсе слова пастаўленая будучыня Амерыкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?