Сям’я Мокас з Дзяржынску, якая звярталася да «Белсату», бо іхных пяцёх дзяцей маглі забраць у прытулак, выплаціла ўсю запазычанасць. Адразу пасля выхаду сюжэту адгукнулася вялікая колькасць неабыякавых гледачоў, якія прапанавалі дапамогу.

«Сюжэт выйшаў у чацвер, а ў выходныя, суботу-нядзелю, сталі паступаць грошы на рахунак, яны пыталіся рахунак банку, куды можна пералічыць грошы, было два чалавекі, якія пералічылі грошы на пошту, і былі людзі, якія пераводзілі грошы з Расеі. Сума была сабрана значна большая, чым была патрэбна», — кажа Марына Мокас, маці 5 дзяцей.

Нагадаем, сям’і надалі статус сацыяльна небяспечнага стану, бо існавала запазычанасць за электраэнергію, якая складала Br 350.

«Хачу сказаць дзякуй усім тым людзям, якія аказалі дапамогу ў вырашэнні гэтай праблемы. Таму што сваймі сіламі мы б не справіліся», — распавядае Мокас.

Пасля выплаты запазычанасці сацыяльныя службы пачалі рыхтаваць пакет дакументаў, каб зняць з сям’і ганебны статус.

«Трэба было прадставіць даведку, што пазыкі няма, я яе прадставіла. Узяла ў энергазбыце. А так вырашаюць мясцовыя ўлады, школы, СПЦ. Прэтэнзіяў да мяне ні з адной школы няма, ад СПЦ таксама няма, таму я думаю, што на гэтым тыдні здымуць», — тлумачыць маці 5 дзяцей.

Пасля выхаду сюжэту таксама падключыліся чыноўнікі, прапанавалі Марыне сабраць паперы на аказанне адраснай дапамогі, памер сумы і тэрміны выплаты жанчына не ведае, але задаволеная такім развязаннем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0