Парламент Літвы разгледзіць прапанову аб прадастаўленні працуючым бабулям і дзядулям адпачынку па доглядзе ўнукаў з выплатай адпаведнай дапамогі. На гэтым тыдні парламент у першым чытанні ўхваліў адпаведныя папраўкі, прапанаваныя кансерватарам Монікай Навіцкене, паведамляе Delfi.

Adobe Stock

Па словах Навіцкене, так маладыя сем'і маглі б вярнуцца на працу раней, чым праз два гады. Дэпутат падкрэсліла, што на такія выплаты могуць прэтэндаваць толькі дзядулі або бабулі, якія працуюць. Кансерватар лічыць, што сем'ям, якія хочуць хутчэй вярнуцца на рынак працы, «лепш па дамоўленасці пакінуць дзяцей бабулі або дзядулі, чым наёмнай няні, бо гэта спрыяе ўмацаванню сямейных сувязяў».

Старшыня парламенцкага камітэта па пытаннях сацыяльных спраў і працы Альгірдас Сісас пажартаваў, каментуючы папраўку, што гэта дыскрымінацыя пажылых людзей, бо яны спачатку «выгадавалі сваіх дзяцей, а цяпер ім прыйдзецца яшчэ і выхоўваць унукаў».

«Страхаванне па доглядзе дзіцяці, па хваробе або мацярынстве несбалансаванае. Даходы нашмат меншыя за выдаткі. Паколькі ўсе кажуць, што хочуць вярнуцца на рынак працы, трэба падтрымаць ідэю скарачэння адпачынку па доглядзе дзіцяці, зрабіць як у Скандынавіі, каб яго бралі маці і бацька па 4 месяцы. Тады мы будзем еўрапейцамі, таму я дакладна не магу ўхваліць гэтую прапанову», — сказаў Сісас.

У цяперашні час у Літве дапамога па доглядзе дзіцяці для тых, хто бярэ адпачынак на год, складае 100% былой зарплаты, а для тых, хто сыходзіць у адпачынак на два гады — 70% у першы і 40% у другі год адпачынку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0