Амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас быў выкліканы сёння ў Міністэрства замежных спраў, дзе яму была ўручаная нота ў сувязі з фактам парушэння мяжы нашай краіны ўзброенымі супрацоўнікамі памежнай службы Літвы, паведамляе прэс-служба ведамства.

twitter.com/belarusmid

28 верасня ў пункце пропуску Катлоўка-Лаварышкес супрацоўнікі Службы аховы Дзяржаўнай Мяжы Міністэрства ўнутраных спраў Літвы паспрабавалі з ужываннем сілы затрымаць двух грамадзян Беларусі спачатку на літоўскай, а затым і на беларускай тэрыторыі. Пры гэтым, будучы ўзброенымі, яны перасеклі дзяржаўную мяжу Беларусі і паглыбіліся на тэрыторыю нашай краіны да 40 метраў.

Пабачыўшы беларускі памежны нарад, супрацоўнікі САДМ пасля няўдалай спробы затрымання без тлумачэнняў сваіх дзеянняў спешна вярнуліся на тэрыторыю Літвы.

«Небяспечныя дзеянні ўзброеных літоўскіх памежнікаў адбыліся ў абстаноўцы напружанасці ў рэгіёне, шмат у чым створанай шматлікімі заявамі літоўскіх уладаў з нагоды вучэнняў «Захад-2017», якія пры гэтым не пацвердзіліся», — гаворыцца ў паведамленні МЗС.

У сувязі з інцыдэнтам па ініцыятыве беларускага боку 30 верасня адбылася рабочая сустрэча памежных упаўнаважаных Беларусі і Літвы, па выніках якой літоўскі бок прызнаў факт інцыдэнту і прынёс прабачэнні.

Як падкрэслена ў ноце МЗС, беларускі бок чакае афіцыйных тлумачэнняў, а таксама таго, што літоўскі бок прыме ўсе неабходныя меры для недапушчэння падобных інцыдэнтаў у будучыні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0