Птушкай 2018 года ў Беларусі аб'яўлены чорнагаловы шчыгол, паведамілі БелТА ў грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).

Спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы звярнуў увагу на тое, што шчыглы выбіраюць для гнездавання зялёныя пасадкі населеных пунктаў, у тым ліку прыдарожныя палосы, паркі, скверы.

«Але апошнія гады ўсё больш востра стаіць праблема моцнай і часткова неабгрунтаванай абрэзкі многіх дрэў, калі ад дрэва застаецца адзін ствол-слупок. Яшчэ вялікая праблема - поўная высечка дрэў і кустоўя, зялёных зон для гарадской забудовы, для пракладкі камунікацый і па іншых прычынах. З-за гэтага прыдатныя мясціны для гнездавання шчыглоў, ды і іншых відаў птушак, скарачаюцца. Акрамя таго, шчыглы кормяцца насеннем пустазелля, асабліва ў зімовы час. Выкошванне пустак пакідае іх галоднымі ўзімку», — расказаў ён.

Чорнагаловы шчыгол - яркая, прыкметная птушка, якой англічане далі мянушку Goldfinch - залаты ўюрок. Любімыя мясціны гнездавання шчыгла - гарадскія зялёныя пасадкі, сады, лясныя ўзлескі. У красавіку птушкі разбіваюцца па парах. Песня шчыгла - звонкія, нягучныя і лёгка запамінальныя трэлі. Птушанят яны выкормліваюць насякомымі. Асабліва любіць гэты від лісцевых мошак на маладых парастках.

З гэтай птушкай прасцей за ўсё пазнаёміцца восенню або зімой. Пустэчы на ўскраінах гарадоў з зараснікамі чартапалоху - любімыя мясціны шчыглоў. Іх звычайны корм у гэты час - насенне пустазелля (дзядоўніку, чартапалоху, лопуху, асоту, валошкі, цыкорыі, дзьмухаўцу і многіх іншых).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0