У афармленні вокладкі выкарыстаны шаржы беларускага мастака Кастуся Куксо.

У афармленні вокладкі выкарыстаны шаржы беларускага мастака Кастуся Куксо.

Гістарычны анекдот — жанр «паветраны», які часта так і застаецца ў катэгорыі вуснай гісторыі. Байкі, кур’ёзныя і проста цікавыя моманты, звязаныя з вядомымі асобамі, часта знікаюць разам з імі, пакідаючы толькі сухія біяграфіі ў «Вікіпедыі». Тым часам, менавіта такія гісторыі найлепей характарызуюць асобу, паказваюць яе чалавечыя якасці і рысы.

Гістарычныя анекдоты — гэта, па сутнасці, своеасаблівыя побытавыя хронікі, часам дакладныя, часам міфалагізаваныя (дакладнасць тут, паводле законаў жанру, зусім не абавязковая), але заўсёды без афіцыйнага глянцу. Адкуль яшчэ мы даведаемся, як Брыль пасмейваўся з Адамовіча? Або за што Рыгору Барадуліну двойчы было сорамна перад Васілём Быкавым? Ці як Караткевіч паляпаў у цягніку Машэрава ніжэй спіны. А ці паверыце, што Купала аднойчы Коласа высадзіў з машыны далёка за горадам у чыстым полі?

Без гістарычных анекдотаў бытапісанне нацыі няпоўнае не толькі таму, што персанажы тут — пераважна асобы, якія не маюць патрэбы ў прадстаўленні. Гістарычныя анекдоты — гэта пах і колер часу, гэта ў нечым альтэрнатыўная некананізаваная гісторыя, якой няма месца ў падручніках, але адмаўляць яе існаванне не толькі бессэнсоўна — недаравальна.

Гэта першае выданне ў жанры гістарычнага анекдота, дзе сабраны часам дакладныя, часам міфалагізаваныя камічныя і драматычныя гісторыі з жыцця найперш вядомых літаратараў, а таксама дзеячаў культуры і палітыкі, сярод якіх Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў, Зміцер Вайцюшкевіч, Яўген Глебаў, Уладзімір Караткевіч, Якуб Колас, Янка Купала, Уладзімір Мулявін, Уладзімір Някляеў, Міхась Стральцоў, Міхась Чарняўскі, Станіслаў Шушкевіч і многія іншыя.

Ніжэй — некаторыя гістарычныя анекдоты з кнігі, якія змясціла «Мова Нанова» на сваім сайце.

Пастарнак і «вадаправодчык»

1946 год. 24-гадовы віцебскі паэт Веніямін Айзенштат (які потым возьме творчы псеўданім Блажэнны) прыязджае ў Маскву, каб паступіць у Літінстытут, і завітвае ў госці да Барыса Пастарнака.

— Вы — вадаправодчык? — было першае пытанне Пастарнака, які якраз чакаў майстра па пачынцы крана.

— Не, я лью слоўную ваду, — адказаў пачынаючы паэт.

— З якой мэтай вы прыехалі?

— Убачыць вас.

— Гэта не мэта, а фантазія, — суха сказаў Пастарнак і заўважыў адносна Літінстытута: — Тут я вам не магу дапамагчы. Мяне самога туды не возьмуць.

Да Пастарнака Айзенштат прыйшоў з вершамі і ўсё дапытваўся, ці паэт ён? Барыс Леанідавіч адказваў ухіліста, пакуль госць не прыгадаў выраз Гейнэ пра тое, што калі ў чалавека з дзесяці вершаў два сапраўдныя, значыць, гэта паэт.

— У мяне ёсць два гэтыя сапраўдныя вершы? — спытаў Айзенштат.

— Можа, нават чатыры, — прабурчаў Пастарнак.

Сталінскі малох

У дванаццаць гадоў Веніямін Айзенштат ледзь не патрапіў у сталінскі ГУЛАГ. Знаходзячыся ў піянерскім лагеры, ён аднойчы расказаў суседу па койцы палітычны анекдот. Гэта пачуў піянерважаты Абраша Гурэвіч, які тут жа заявіў:

— Ах, ты контррэвалюцыянер! Ды цябе любой чэкіст ля плота расстраляў бы!

А потым даводзіў начальніку піянерлагера, што небараку варта здаць чэкістам.

Прамінула зусім не шмат часу, і Айзенштат прачытаў у газеце пра працэс над «ворагамі народа» Шаранговічам, Чарвяковым, Гікалай, Галадзедам. У гэтым спісе значылася і імя сакратара ЦК ЛКСМБ Абрама Гурэвіча.

Кат

Лукаш Бэндэ — адна з самых змрочных фігур беларускай літаратуры. Яго імя даўно зрабілася імем намінальным. Літаратурны крытык-вульгарызатар, якога сучаснікі за вочы называлі «аглабельшчыкам». Яго газетныя разносы цягнулі за сабой турэмнае пакаранне, катаргу або ссылку, расстрэл ці самагубства. Як прыгадвалі старэйшыя пісьменнікі, Бэндэ, выходзячы на трыбуну Саюза пісьменнікаў, гаварыў: «А цяпер пагаворым пра птушак. Пра што спявае гэтая «птушка»? — пра буржуазны лад жыцця…» Няздарма Кандрат Крапіва прызнаваўся, што калі сядаў за пісьмовы стол, перад яго вачыма ўзнікаў Бэндэ. Рыгор Барадулін прыгадваў мімалётнае знаёмства з Бэндэ: «І здарылася так, што ў выдавецтва недзе ў шасцідзясятых гадах зайшоў невысокі, невыразны, да бліскаты лысы нехта. Падае мёртвую й ліпкую руку:

— Бэндэ.

І мне стала зябка. Была яшчэ цёмная восеньская раніца. У пакоі я быў адзін. Лямпачкі гарэлі болей чым ашчадна. Ажылі ўзгадкі й ацалелых і рэабілітаваных пісьменнікаў нашых.

Гэты нехта па імені Бэндэ нешта казаў, нешта прапаноўваў выдавецтву выдаць. Я не чуў. Адаслаў яго да начальства. І з маладой бязлітаснасцю напісаў:

— Die stunde ist zuende,

Не ўсё зрабіў, што мог, —

Сказаў са злосцю Бэндэ

І ў дамавіну лёг».

Максім Танк занатаваў у 1962-м: «Здаецца, нарэшце памёр Л. Бэндэ. Пішу «здаецца», бо дух яго яшчэ жыве ў творах некаторых нашых гісторыкаў літаратуры і крытыкаў. Па-рознаму людзі зарабляюць на вечную памяць. Зарабіў на яе і Бэндэ, але зарабіў, як юда. Самае неверагоднае, што ён да канца свайго жыцця быў перакананы ў сваёй слушнасці».

Але Бог, як кажуць, шэльму меціць. Рыгор Барадулін, перакладаючы п’есу класіка латышскай літаратуры Яна Райніса «Ветрык, вей!», быў уражаны, сустрэўшы ў слоўніку пераклад слова «бэндэ»: у латышскай мове яно мае толькі адно значэнне — кат.

Злосны вораг КДБ

Дыялог Рыгора Барадуліна з калегам-літаратарам:

— Ты самы злосны вораг КДБ!

— Чаму?

— Я што думаю, тое і гавару, і гэткім чынам даю ім матэрыял, прадстаўляю ім магчымасць зарабіць, а ты маўчыш — значыць, нешта думаеш супраць Савецкага Саюза!

— Я нічога супраць не думаю!

— Па-першае, ты не п’еш, а па-другое, маўчыш. Ты ж вораг! Са мной жа ім проста — яны толькі факты паднаўляюць.

Справа Янкі Брыля

Неяк спытаў у Янкі Брыля: ці можа быць у КДБ справа на яго?

— Вядома ж, павінна быць, — адказаў Іван Антонавіч, — бо я і ў палоне быў, і ў газеце «Раздавим фашистскую гадину» працаваў, а рашэнне аб гэтым прымалася ў ЦК…

І дадаў, што за савецкім часам жартаваў, што калі б прапанавалі на выбар — ордэн Леніна ці на адзін вечар справу, што заведзена на яго ў КДБ, дык абраў бы другое. І распавёў такую гісторыю: калі на пачатку 1990-х старшынём саюзнага КДБ быў Вадзім Бакацін, Іон Друцэ звярнуўся з просьбай паглядзець сваю справу. І Бакацін, запрасіўшы Друцэ да сябе і паказаўшы на тэчку са справай, папярэдзіў:

— Вы, вядома, можаце паглядзець, але я вельмі вам не раю, бо расчаруецеся ва многіх сваіх сябрах.

Друцэ думаў усю ноч, а раніцай адмовіўся глядзець сваю справу.

— Іван Антонавіч, а вы як бы паступілі? — запытаўся я.

— Я б прачытаў.

Любімае выслоўе

Пятрусь Броўка, узначальваючы рэдакцыю «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі», любіў паўтараць:

— Хлопцы, пішыце сумленна. Калі каму-небудзь нешта не спадабаецца, па-першае, начальства кніг не чытае — яно вечна занятае; па-другое, калі і прачытае, то не хутка. А калі прачытае, тады мы ўжо будзем на пенсіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?