Кадр зь фільму «Урок беларускай мовы».

Кадр зь фільму «Урок беларускай мовы».

Адпаведнае рашэньне суду Кастрычніцкага раёну Горадні апублікаванае ў газэце «Звязда» ад 2 кастрычніка.

Паводле рашэньня, у гэты сьпіс трапілі фільм «Урок беларускай мовы» Міраслава Дэмбіньскага, а таксама запіс канцэрту «Салідарныя зь Беларусьсю», які праходзіў у Варшаве 12 сакавіка 2006 году.

Гэтыя матэрыялы, а таксама яшчэ сем дыскаў з фотаздымкамі падзеяў на Плошчы, 11 чэрвеня былі канфіскаваныя ў магілёўскага актывіста Алеся Буракова, які вяртаўся з Варшавы.

Рашэньне суду ўступіла ў сілу 16 верасьня. Сам Буракоў кажа, што не атрымліваў ніякіх позваў у суд, а таксама нічога ня ведаў пра вынесены прысуд.

Варта адзначыць, што ў рок-канцэрце ў Варшаве бралі ўдзел найлепшыя беларускія рокеры, у тым ліку «NRM». А фільм «Урок беларускай мовы» апавядае пра дзейнасьць Беларускага ліцэю імя Якуба Коласа, зачыненага ўладамі. Фільм атрымаў некалькі прызоў на міжнародных кінафэстывалях і быў паказаны па ТВ у дзясятку эўрапейскіх краінаў. А для лукашэнкаўскага КДБ і суду — экстрэмізм... Бо пра непадкантрльную беларускасьць.

* * *

Нагадаем, што яшчэ гарадзенскім КДБ была ініцыяваная адна справа з «экстрэмізмам». 18 верасьня мусіў пачацца разгляд справы па прызнаньні экстрэмісцкай друкаванай прадукцыі, што ў розныя гады была канфіскаваная гарадзенскімі памежнікамі.

Па справе праходзіць дзевяць чалавек (цяпер можа высьветліцца, што іх нашмат болей) — журналіст Анджэй Пісальнік, сябар АГП Ўладзімер Ларын, сёньняшнія і былыя студэнты праграмы Каліноўскага Яўген Скрабутан, Аляксей Трубкін, Дзьмітры Мальчык, Барыс Гарэцкі, праваабаронца Валеры Шчукін, Юры Марціновіч і Дзьмітры Ёдка.

Сярод магчымых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў разглядаюцца газэта непрызнанага Саюзу палякаў «Głos znad Niemna na uchodźstwie», кніга Паўла Севярынца «Лісты зь лесу», матэрыялы першага Кангрэсу дэмакратычных сіл, улётка Аляксандар Мілінкевіча.

Працэс быў перанесены на кастрычнік. Наколькі пакуль вядома, то ніхто зь фігурантаў не атрымліваў паўторныя позвы зьявіцца ў суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?