Частка людзей зьбярэцца каля Гадзіньнікавага заводу аб 11-й, другія - на Ўсходніх могілках а 12-й.

Лявон Баршчэўскі і Віктар Івашкевіч атрымалі адказ зь Менгарвыканкаму, у якім даецца дазвол на шэсьце, прымеркаванае да дня ўшанаваньня памяці продкаў — Дзядоў 2 лістапада.

Дазваляецца збор ля ўваходу на Ўсходнія могілкі з 12:00 да 12:30, потым шэсьце з 12:30 да 14:30 праспэктам Незалежнасьці, вуліцамі Каліноўскага, Мірашнічэнкі, МКАД і да Курапатаў.

Атрымалі станоўчы адказ на правядзеньне шэсьця 2 лістапада і сябры Кансэрватыўна‑хрысьціянскай партыі БНФ.

Збор удзельнікаў гэтай акцыі пачнецца а 10:30 каля Гадзіньнікавага заводу (ст. мэтро «Парк Чалюскінцаў»), шэсьце да Курапатаў праспэктам Незалежнасьці, вуліцамі Каліноўскага, Мірашнічэнкі ад 11‑й і мітынг ва ўрочышчы ад 14.30 па 17.00.

Лявон Баршчэўскі заклікае прыходзіць да Маскоўскіх могілак ня толькі з сьцягамі і транспарантамі, але і з кветкамі, каб ускласьці іх да магіл Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Генадзя Карпенкі, Міхася Ткачова, Пімена Панчанкі, Ігара Герменчука ды іншых выдатных людзей.

«Гэта найперш жалобная акцыя, але і сьветлае. Мы спалучаем успамін пра памерлых з думай пра будучыню. Таму мітынг будзе ня толькі мэмарыяльным. Рашэньне праводзіць акцыю з Усходніх могілак прымалася ня ў піку КХП‑БНФ, ці каму‑небудзь яшчэ. Гэта маршрут 20‑гадовай даўніны, які варта прайсьці і сёлета», — кажа Л.Баршчэўскі.

«У нас часта пытаюцца дзеля чаго мы праводзім вулічныя акцыі, калі на сёньня немагчыма зьмяніць сытуацыю ў краіне. Гэта сымбаль таго, што ніхто ня здаўся, што мы не апусьцілі рукі, а наш сьцяг падняты. Заклікаў усіх неабыякавых выйсьці 2 лістапада з тысячамі бел‑чырвона‑белых сьцягоў», — гаворыць В.Івашкевіч.

Напэўна, абедзьве калёны злучацца на вуліцы Каліноўскага і пойдуць ва ўрочышча разам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?