Фрунзенскім раённым аддзелам Мінска Следчага камітэта завершана расследаванне крымінальнай справы па абвінавачванні 15-гадовага школьніка ў здзяйсненні падпалаў, паведамляе СК.

Днём 5 лютага падлетак падпаліў кардонныя скрынкі ў падсобным памяшканні на лесвічнай пляцоўцы 10-га паверха дома на вул. Нёманскай. У выніку былі пашкоджаныя і знішчаныя ўваходныя дзверы, званкі, дыванкі трох кватэр і маёмасць кааператыва на 6,4 тыс. рублёў. 3 мая школьнік падпаліў дзверы на 9-м паверсе дома па вул.Каменнагорскай. Шкода склала 1 тысячу рублёў.

У абодвух выпадках супрацоўнікі МНС ліквідоўвалі ўзгаранне. Дзякуючы аператыўнай дапамозе ратавальнікаў і разумным дзеянням жыхароў ніхто не пацярпеў.

Камерай відэаназірання ў пад'ездзе былі зафіксаваныя абставіны другога падпалу. Гэта дазволіла праз некалькі гадзін вылічыць асобу падазраванага і затрымаць яго. Раней да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці падлетак не прыцягваўся, на прафілактычных уліках не знаходзіўся. Ён мог ўсведамляць грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

Дзевяцікласнік у дні падпалаў прагульваў школу. Выбіраў кватэры выпадковым чынам у дамах свайго мікрараёна. Пасля падпалу сыходзіў з месца здарэння і на вуліцы назіраў за працай МНС.

З санкцыі пракурора падлетак заключаны пад варту. Шкода пацярпелым кампенсавана часткова. Крымінальная справа накіраваная ў суд. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0